Масавы пошук шпіёнаў у Беларусі
КДБ Лукашэнкі прыйшоў у жыроўкі і на рэкламныя старонкі газет. З тым, каб папярэдзіць, што беларусаў могуць вербаваць шпіёны замежных выведак. Адначасова па інфармацыйных каналах пабегла навіна пра тое, што расейская ядзерная зброя пачала прыбываць у Беларусь.
Вось што пішацца ад імя КДБ, цытую на мове арыгіналу: “Товарищи! Граждане! Помигите нам уберечь Вас и Ваших близких от смертельной опасности! Спецслужбы иностранных государств предпринимают попытки вербовки белорусских граждан для получения разведывательной информации, совершения диверсий и терактов”.
Далей ідзе пералік прыкметаў вярбоўкі, кшталту просьбаў праз месенджары. І даюцца нумары тэлефонаў куды можна паведаміць пра падазроных людзей.
Калі б не рэальнасць ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, я б падобную інфармацыю ўспрыняў бы як сатырычнае апавяданне дваццацтых-трыццатых гадоў.
Папяровая рэкламнная газета, тэлефоны, замежная выведка.
Праўда, пры гэтым кажуць пра вярбоўку праз інтэрнет.
Безумоўна, па Беларусі ўжо працуюць значна больш актыўна, чым у даядзерную эпоху. Працуюць праз спадарожнікі на касмічнай арбіце, працуюць па закрытых і адкрытых крыніцах інфармацыі.
Адна справа малпа з гранатай, іншая справа – малпа з ядзернай гранатай.
Але прыведзены прыклад стылістыкі часоў ранняга СССР з заклікам высочваць варожых шпіёнаў сведчыць пра тое, што лукашысты ў пагонах і без вядуць спецыяльную інфармацыйную аперацыю па кансалідацыі сваіх прыхільнікаў вакол пагрозы, якую самі ж і стварылі.
Цяпер беларусам і праўда пагражае прылёт натаўскіх самалётаў у выпадку хоць бы найменьшага падазрэння на ўжыванне ядзернай зброі.
Атмасфера татальнага страху выгадная для абслугі аўтарытарных рэжымаў. Людзі менш абураюцца сваім сацыяльным становішчам.
Але я ўпэўнены, што расейскія прапагандысцкія шаблоны на беларусаў не маюць такога эфектыўнага ўздзеяння як на расейцаў.
Больш за палову беларусаў хоць раз пакідалі сваю краіну, і не менш за 40% хоць раз былі ў краінах Еўразвязу.
Людзі бачылі на свае вочы карцінку, якая не супадае з прапагандысцкімі пастулатамі.
Калі Крэмль праз Беларусь справакуе канфлікт з NATO, мяркую, не знойдзецца шмат ахвочых “легчы пад натаўскія танкі”, як калісьці запэўніваў Пуціна Лукашэнка.
Таму КДБ штучна стварае дадатковую псіхалагічную напругу ў грамадстве: каб было менш ахвочых дапамагаць праціўнікам Лукашэнкі і адпаведна Расеі.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя