Масавыя акцыі пратэсту ў Ерэване, ёсць параненыя (абноўлена)
У выніку сутыкнення дэманстрантаў і паліцыі ў цэнтры Ерэвана шпіталізаваны 33 чалавекі, у тым ліку і Нікол Пашынян, ён дастаўлены ў бальніцу з ірванымі ранамі, паведамляе Інтэрфакс.
«Падчас сутыкнення Пашынян упаў на калючы дрот, атрымаў ірваныя раны», – сказаў Інтэрфаксу прэс-сакратар фракцыі Тыгран Авінян.
Калючы дрот расцягнула паліцыя. Таксама, як паведамляюць інфармагенцтвы, супраць дэманстрантаў ужываліся слезацечны газ і светлашумавыя гранаты.
* * *
У выніку сутычак паміж паліцыяй і мітынгоўцамі ў Ерэване пацярпелі некалькі чалавек, паведамляе armeniasputnik.am
Раніцай у панядзелак у сталіцы Арменіі пачаліся масавыя акцыі пратэсту. Дэманстранты на чале з лідарам партыі „Грамадзянскі абавязак” дэпутатам Ніколам Пашынянам выступаюць супраць вылучэння Сержа Саргсяна ў прэм’ер-міністры. Усяго за некалькі гадзін мітынгоўцы перакрылі цэнтр Ерэвана, што стала прычынай частковага спынення грамадскага транспарту.
Акцыя пратэсту перарасла ў сутычкі з паліцыяй, калі Нікол Пашынян звярнуўся да паліцыянтаў, каб тыя прапусцілі яго і дэманстрантаў да будынка парламента, а праваахоўнікі адмовіліся гэта зрабіць.
Удзельнікі акцыі пратэсту паспрабавалі прарваць загароду і паліцэйскае ачапленне. Каб супакоіць мітынгоўцаў, паліцыянты выкарысталі светлашумавыя гранаты, у выніку некалькі чалавек атрымалі раненні. На месца прыбылі некалькі карэт хуткай дапамогі.
Фота armeniasputnik.am