Масавыя затрыманні ў Расеі выклікалі занепакоенасць ЕЗ



Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага Звязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль заявіў сёння ў Бруселі перад пачаткам пасяджэння Рады замежных спраў, што хваля затрыманняў у Расеі выклікае занепакоенасць дзяржаў Супольнасці. Падзеі ў Расеі з’яўляюцца першай тэмай, якую абмяркуюць міністры замежных спраў краін ЕЗ.

Раней дзяржавы ЕЗ у сумеснай заяве асудзілі затрыманне Навальнага і заклікалі вызваліць яго.

Заявы міністраў замежных спраў краін ЕЗ перад пачаткам пасяджэння Рады ў панядзелак паказалі разыходжанне поглядаў у справе ўзмацнення санкцый супраць Расеі ў сувязі з арыштам расейскага апазіцыянера, жорсткім разгонам дэманстрацыяў і масавымі затрыманнямі.

Нягледзячы на арышт Навальнага, кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жазэп Барэль у далейшым плануе свой візіт у Расею ў лютым. На мінулым тыдні Польшча сумесна з краінамі Балтыі выказала перасцярогу адносна гэтага візіту. Чатыры дзяржавы лічаць, што гэта не добры момант для падобных крокаў і што візіт выкарыстоўваюць з прапагандысцкай мэтай.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў інтэрвʼю выданню «Financial Times» заклікаў краіны ЕЗ зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Расеі, у прыватнасці супраць «Газпрома», за атручванне і зняволенне Навальнага.

Нагадаем, падчас пратэстных акцыяў, якія пракаціліся па ўсёй Расеі, у суботу 23 студзеня, была затрыманая рэкордная колькасць чалавек – 3,5 тысячы. Расіяне дабіваюцца вызвалення Аляксея Навальнага ды іншых палітвязняў.

polskieradio.pl

Фота: РБК