Масква адказала на выказванні Менска пра каронавірус
У прапарцыйных суадносінах да колькасці насельніцтва сітуацыя ў Беларусі з распаўсюджваннем эпідэміі каронавіруса значна больш сур’ёзная, чым у Расеі. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-службы ўрада Расеі, распаўсюджаным 16 сакавіка ўвечары.
„Ва ўрадзе Расейскай Федэрацыі выклікаюць здзіўленне выказванні кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь па сітуацыі з распаўсюдам новай каронавіруснай інфекцыі. У прыватнасці, выказванне пра колькасць інфіцыраваных дазваляе зрабіць выснову, што ў прапарцыйных суадносінах да колькасці насельніцтва сітуацыя ў Беларусі значна больш сур’ёзна, чым у Расеі”, – гаворыцца ў заяве прэс-службы.
Сцвярджэнне, што „Расея ўся палае ад каронавіруса”, не адпавядае рэчаіснасці, адзначае ўрад Расеі.
У Кабінеце міністраў дадалі, што Расея вымушана была ўвесці абмежаванні на перасячэнне мяжы з Беларуссю з-за непрыняцця Менскам дастатковых мер для барацьбы з распаўсюджваннем каронавіруса з тэрыторыі трэціх краін.
„Абмежаванні ўезду ў Расейскую Федэрацыю з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ўводзяцца, перш за ўсё, па прычыне непрыняцця органамі дзяржаўнай улады Беларусі рэкамендаваных Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя адэкватных мер па перакрыцці дзяржаўных межаў з мэтай недапушчэння пранікнення каронавіруснай інфекцыі з трэціх дзяржаў”, – гаворыцца ў паведамленні.