Масква будзе даплачваць «Газпрому» $1 млрд у год за зніжку на газ для Беларусі



Расея сёлета выплаціць «Газпрому» каля 25 мільярдаў расейскіх рублёў, а ў наступным — яшчэ 56 мільярдаў у якасці кампенсацыі за зніжку на газ для Беларусі, піша Коммерсант. Гэта што складае агулам каля 1,4 млрд даляраў паводле сённяшняга курсу.

Менск і Масква дамовіліся пра міжбюджэтную кампенсацыю пры пастаўках газу, што дазволіць да 1 ліпеня 2019 года забяспечыць вытворцам энергіі роўныя ўмовы па цане на паліва, а да 1 студзеня 2025 года — усім астатнім спажыўцам, піша Коммерсант.

Выданне адзначае, што ўзамен на зніжэнне цаны Беларусь абавязалася адмяніць павышаную плату за транзіт расійскай нафты.

Акрамя таго, як сцвярджаюць крыніцы «Коммерсанта», Менск паабяцаў падпісаць пагадненне пра стварэнне адзінага энергарынку дзвюх краін.

Па словах крыніцаў «Коммерсанта», Беларусь пагасіць доўг у 300 мільёнаў даляраў, а фактычная рублёвая цана газу будзе зніжана задняй датай з 1 ліпеня прыкладна на 30%.

Такім чынам, ужо ў гэтым годзе Менск зэканоміць каля 400 млн даляраў.

Пры гэтым фактычны тарыф для Беларусі будзе разлічвацца як сярэдняя цана па Адзінай сістэме газазабеспячэння Расіі, памножаную на падвышаючы каэфіцыент. Формулу замацуюць ў міжурадавым пагадненні.

У 2017 годзе цана для Мінска павінна скласці каля шасці тысяч расійскіх рублёў за тысячу кубаметраў. Гэта каля 96 даляраў па сённяшнім курсе, або на 80% танней за сярэднюю еўрапейскую цану на газ на сёння.

NN.by