Масква і Менск узгаднілі кампенсацыю страт ад падатковага манеўру



Беларусь і Расея дасягнулі дамоўленасці аб кампенсацыі так званага падатковага манеўру для беларускай эканомікі. Пра гэта дамовіліся прэм’еры Міхаіл Мясніковіч і Дзмітрый Мядзведзеў у час сустрэчы ў Сочы. Беларусь згадзілася ўступіць у Еўразійскі саюз пасля таго, як Расея паабяцала захаваць энергетычныя субсідыі, і таму зразумела, што беларускі ўрад да апошняга будзе змагацца за гэтыя субсідыі, кажа беларускі эканаміст Алесь Аляхновіч.

– Гэта вельмі важна для ўлады. Таму яны будуць грызці зямлю, каб гэтыя субсідыі засталіся на тым самым узроўні, пра які было дамоўлена пры падпісанні Еўразійскага эканамічнага саюзу.

Дамова аб Еўразійскім саюзе была падпісаная між кіраўнікамі Беларусі, Расеі і Казахстану 29 траўня, чакаецца, што саюз пачне працу з 1-га студзеня будучага году.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ej.by