Масква пагражае Кіеву ракетным ударам



Сілы абароны Расеі могуць знішчыць украінскія ракеты ў тым выпадку, калі тыя будуць запушчаны ў зонах каля Крыма, дзе Кіеў збіраецца правесці ракетныя стрэльбы.

РСЗА

Адпаведнае папярэджанне Міністэрства абароны Расеі апублікавана ўнутры паведамлення ў сістэме ўведамлення пілотаў і аэранавігацыйнай інфармацыі NOTAM, піша rbc.ru.

Расейскія ўзброеныя сілы таксама дапускаюць ракетны ўдар па Кіеве. Пра гэта павеламляецца ў лісце Міністэрства абароны Расеі, адрасаванаму вайсковаму аташэ Украіны ў Расейскай Федэрацыі.

Чарговы віток расейска-украінскага супрацьстаяння пракаментуе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

– Яшчэ 26 лістапада ўкраінскае Міністэрства абароны заявіла пра намер правесці планавыя ракетныя стрэльбы над Чорным морам на сваёй суверэннай тэрыторыі. Пра небяспеку авіяцыйных палётаў падчас гэтых стрэльбаў украінскі бок афіцыйна паінфармаваў расейскія структуры, якія кіруюць палётамі цывільных самалётаў. У Расейскай Федэрацыі гэтую заяву палічылі парушэннем цэлага шэрагу міжнародных дамоваў і канвенцый, пасля чаго слова ўзяло Міністэрства абароны Расеі. Акрамя ліста, з пагрозамі ракетнага ўдару па ўкраінскай сталіцы, расейскае Міністэрства абароны даслала ўкраінскаму ваеннаму аташэ ліст, у якім абяцае знішчаць не толькі ўкраінскія ракеты, але і сродкі іх запускаў на тэрыторыі Украіны. Адразу пасля гэтых пагроз расейскія вайскоўцы перакінулі на тэрыторыю анексаванага Крыму зенітна-ракетныя комплексы С-300 і “Антэй”.

Украіна мае намер правесці 1-2 снежня ракетную стрэльбу над Чорным морам насуперак пагрозам Расеі нанесці ракетны ўдар. Пра гэта гаворыцца ў заяве сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксандра Турчынава, апублікаванай на сайце РНБА.

„Нягледзячы на расейскія пагрозы, мы будзем праводзіць ракетныя выпрабаванні і вучэнні ў адпаведнасці з зацверджанымі планамі і графікамі”, – цытуе словы Турчынава news.liga.net.

Сакратар РНБА лічыць, што пагрозы Расеі накіраваны на абвастрэнне сітуацыі.

„Пагрозы прымяніць зброю супраць Украіны – гэта спробы пераводу ў актыўную фазу гібрыднай вайны, якую Расея вядзе супраць нашай краіны на працягу апошніх трох гадоў”, — сказаў ён.

Таксама Турчынаў дадаў, што акрамя пагроз прымяніць зброю, у РФ разгортваюцца новыя дывізіі непасрэдна ля ўкраінскай мяжы.