Масква „села на каня” і ўжо не звяртае ўвагі на санкцыі



sankzii4_1398484267.jpg.600x450_q855 верасня ўлады Еўразвяза могуць прыняць новы пакет антырасейскіх санкцый. Палітолаг Андрэй Фёдараў распавядае, ці спыняць гэтыя санкцыі расейскую агрэсію, і якім чынам яны могуць закрануць Беларусь.

Як стала вядома, у звязку з абвастрэннем сітуацыі ва Украіне Еўракамісія разглядае магчымасць увядзення сектаральных санкцый у абароннай прамысловасці і фінансах, а таксама ў сферы абароту тавараў двайнога прызначэння.

РР: Ці могуць новыя санкцыі астудзіць пыл Крамля?

Андрэй Фёдараў: Найперш хацеў бы адзначыць, што пакуль дакладна невядома, што гэта будуць за санкцыі. Калі яны зачэпяць фінансавы сектар і тэхналагічныя пытанні, то, магчыма, нейкі эфект і будзе. Але мне здаецца, што Масква ўжо села на баявога каня і ні на якое знешняе ўздзеянне не звяртае ўвагі. Можа быць, менавіта таму, што гэтае ўдзеянне пакуль недастаткова сур’ёзнае.

РР: Еўропа гатовая да ўвядзення жорсткіх санкцый у дачыненні да Расеі?

Андрэй Фёдараў: Цяжка казаць за ўсю Еўропу, бо некаторыя еўрапейскія краіны супраць санкцый. У мяне няма ўпэўненасці, што Еўразвяз наогул пойдзе на такі крок менавіта зараз. Магчыма, да гэтага прыйдуць нейкія асобныя краіны. Еўразвяз робіць спробы ісці па-банку, але хоча ўсё зрабіць малой крывёй. Праўда, калі Расея працягне рабіць ва Украіне тое, што робіць, то не выключана, што Еўропа прыме больш жорсткія меры.

РР: Ці закрануць магчымыя санкцыі Беларусь?

Андрэй Фёдараў: Калі Расея сур’ёзна пацерпіць ад санкцый, то ускосным чынам гэта, безумоўна, адаб’ецца і на Беларусі. У Крамля будзе менш магчымасцей аказваць афіцыйнаму Менску тую значную эканамічную дапамогу, якая ёсць зараз.

РР: 5 верасня кантанктная група, у склад якой уваходзяць і сепаратысты, мяркуе працягнуць у Менску перамовы. Ці могуць падчас абмеркаванняў быць прынятыя нейкія рашэнні, якія б спынілі вайну?

Андрэй Фёдараў: Не думаю. Сепаратысты пры ваеннай падтрымцы Расеі займаюць жорсткую пазіцыю, Кіеў таксама на саступкі не ідзе. Пры такім прынцыповым разыходжанні могуць быць вырашаны толькі нейкія прыватныя пытанні пра часовае спыненні агню ці абмен ваеннапалоннымі. Пакуль складана чакаць у гэтым кірунку пазітыву.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота polit.ru