Матэуш Маравецкі: Мы хочам даць Лукашэнку шанец адступіць
Польшча разглядае магчымасць сур’ёзных санкцый супраць Беларусі, уключаючы закрыццё мяжы, транзітных і гандлёвых пераходаў. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі. Ён падкрэсліў, што ўсё будзе залежаць ад дзеянняў беларускага боку.
– Мы хочам даць Лукашэнку шанец адступіць і давесці да вяртання мігрантаў у краіны іх паходжання, – дадаў Маравецкі, нагадаўшы, што пакуль Польшчай было прынята рашэнне аб закрыцці толькі аднаго памежнага пункта пропуску ў Кузніцы.
Ён адзначыў, што мігранты „пакуль не вярнуліся”, а таксама заявіў, што польскі бок мае відэазапіс, на якім бачна, як беларускія службы праводзяць інструктаж для мігрантаў аб тым, як атакаваць польскіх сілавікоў, а гэта значыць, што магчыма эскалацыя.
– Сёння на нашай усходняй мяжы, усходняй мяжы Польшчы мы маем справу з вайной новага тыпу, у якой зброяй з’яўляюцца мігранты, дэзінфармацыя, маем справу з гібрыднай вайной, – сказаў Маравецкі. Ён заклікаў Брусель „засяродзіцца на сапраўдных прыярытэтах, звязаных з фізічнай бяспекай, тэрытарыяльнай цэласнасцю і энергетычнай бяспекай усяго Еўрапейскага Саюза”.
Маравецкі таксама нагадаў, што нельга забывацца на сітуацыю і ў самой Беларусі: рэпрэсіі ў краіне ўзмацняюцца, колькасць палітвязняў расце, людзі ў турмах падвяргаюцца катаванням.