Матэвуш Маравецкі 22 ліпеня наведае Падляшша



Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заўтра, 22 ліпеня, наведае Падляшша ў рамках прэзентацыі праграмы Польскага Ладу. Вечарам чацвярга, сярод іншага, ён будзе спецыяльным госцем сямейнага пікніка ў мясцовасці Тыкоцін паблізу Беластока.

“Польскі Лад – гэта наша супольная справа, таму пагаворым пра яго і сустрэнемся ў прыгожым і гістарычным Тыкоціне ў 18.45. Да сустрэчы!” – напісаў Маравецкі ў сваім Фейсбуку.

Польскі Лад – гэта новая сацыяльна-эканамічная праграма Аб’яднаных правых сілаў. Сярод яе асноўных пунктаў: сем працэнтаў ВУП плануецца выдаткоўваць на ахову здароўя, зніжэнне памеру падаткаў для 18-ці мільёнаў палякаў, інвестыцыі і 500 тысяч новых месцаў працы, жыллё без уласнага ўкладу і дом да 70-ці квадратных метраў без фармальнасцяў, а таксама пенсія без падатку да 2500 злотых.

Беларускае Радыё Рацыя