Мацей Фалькоўскі: Падтрымка незалежных медыя павінна працягвацца
Прыярытэтнымі для Польшчы павінны быць усходнія суседзі, мяркуе новы старшыня ўправы Фундацыі Міжнароднай Салідарнасці. Пры дапамозе гэтай арганізацыі МЗС Польшчы ажыццяўляе фінансаванне праектаў дапамогі краінам, якія знаходзяцца на этапе структурнага развіцця.
Якое месца Беларусь займае ў праектах „Польскай дапамогі”, на якія краіны Польшчы варта звярнуць асаблівую ўвагу ды пра першы месяц на новай пасадзе Зміцер Косцін размаўляе са старшынём управы Фундацыі Міжнароднай Салідарнасці Мацеем Фалькоўскім:
– Хоць працы вельмі шмат, але не было іншага выйсця, бо шмат робім, шмат праектаў, шмат конкурсаў. Дзейнічаем перадусім у краінах на ўсход ад Польшчы: Беларусь, Украіна, Малдова. Месяц таму заняў гэту пасаду і адразу давялося кінуцца ў вір гэтай працы. Пакуль атрымліваецца, усё ідзе наперад.
РР: Польшча традыцыйна дапамагае такім краінам, як дзяржавы “Усходняга партнёрства”, Цэнтральная Азія, Бірма і Туніс. Ці гэтыя накірункі па-ранейшаму застануцца асноўнымі ў працы фундацыі?
Мацей Фалькоўскі: Найважнейшым накірункам будзе Усход, краіны “Усходняга партнёрства”. Тое ці ангажуемся ў канкрэтных краінах вынікае з інструкцый, якія вызначае нам Міністэрства замежных спраў, бо мы з’яўляемся фундацыяй, якая шчыльна супрацоўнічае з МЗС. Кожны год прыярытэты змяняюцца. Калі рэалізуем праекты ў асобных краінах, то гэта вынікае з прыярытэтаў вызначаных МЗС. Праводзім таксама ўласную дзейнасць, маем пэўную свабоду, але хацеў бы падкрэсліць, што як для фонда, так і для польскай палітыкі развіцця “Усходняе партнёрства” застанецца прыярытэтам, і я думаю, што ў бліжэйшы час гэта не зменіцца.
РР: Доўгі час гаворыцца пра тое, што Польшча мае дасягнуць пэўнага працэнту сродкаў прызначаных на дапамогу, на развіццё ў іншых краінах. Ці Польшча ўжо дасягае гэтага ўзроўню?
Мацей Фалькоўскі: Гэта вымяраецца працэнтам ВУП, бо Польшча абавязалася прызначаць на дапамогу 0,33% ВУП. Пакуль не выконвае гэтага абавязацельства. Калі не памыляюся ў мінулым годзе было 0,1 з нечым, дакладна не памятаю. Але гэта павялічваецца, спадзяюся, што гэта будзе ісці ў гэтым накірунку. Штораз большае разуменне таго, што дапамога ў развіцці не толькі служыць гэтым краінам, на якія яна скіраваная, але з’яўляецца вельмі важным элементам замежнай палітыкі кожнай краіны. Калі паглядзім на такія краіны, як Нямеччына, Галандыя, Швецыя, Аўстрыя ці Злучаныя Штаты Амерыкі, то гэтая дапамога з’яўляецца вельмі важным элементам палітыкі і ніхто тут грошай не шкадуе на гэта. Спадзяюся, што ў Польшчы будзе таксама.
РР: Кожная з краінаў, якая з’яўляюцца прыярытэтнымі, важныя для Міністэрства замежных спраў Польшчы, таксама для вашага фонда. У адным з інтэрв’ю папярэдні старшыня управы казаў, што перспектыва, паводле яго, гэта Туніс і Бірма. Ці бачыце вы перспектыву так далёка ад Польшчы?
Мацей Фалькоўскі: Яшчэ раз падкрэслю, прыярытэтам з’яўляецца Усход. Калі павінен выразіць сваё асабістае меркаванне, то хацеў бы гэта падкрэсліць, што гэта нашы суседскія краіны, гэта нашы суседзі, якія вельмі важныя для нас. Канешне, калі нейкія разумныя думкі з’яўляюцца ў іншых краінах, то можна там нешта рабіць, але гэта не павінна захінаць галоўнага. З нашай перспектывы галоўнымі павінны быць краіны “Усходняга партнёрства”, бо гэта вынікае з нашых дзяржаўных інтарэсаў.
РР: Польшча доўгі час падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасць, а таксама незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Як вы бачыце гэтую перспектыву далей? Выклікаў цяпер шмат, той самы крызіс уцекачоў, пра які шмат гаворыцца, дзе Польшча таксама мае ўдзельнічаць у дапамозе. Як гэта паводле вас адаб’ецца на падтрымцы розных ініцыятыў звязаных з Беларуссю?
Мацей Фалькоўскі: Не хацеў бы ўваходзіць у палітычныя каментары, таму лічу, што падтрымка незалежных медыя ў Беларусі з’яўляецца вельмі важнай і павінна працягвацца незалежна ад палітычнай кан’юктуры, якая змяняецца, бо гэта адзін з найважнейшых элементаў падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Можна, канешне, думаць, як гэта рабіць, але ці рабіць, я лічу не павінна быць сумневаў.
Фундацыя Міжнароднай Салідарнасці з 2013 года рэалізуе задачы Польскага МЗС па аказанні дапамогі краінам, якія знаходзяцца на этапе структурнага развіцця. Сярод прыярытэтаў польскай дапамогі сёлета — краіны „Усходняга партнёрства”, Цэнтральнай Азіі, М’янма і Туніс.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя