Маці Мікалая Дзядка абвінаваціла турэмшчыкаў у генацыдзе



Валянціна Дзядок, маці палітвязня Мікалая Дзядка, якога ўтрымліваюць у магілёўскай турме, звярнулася да кіраўніцтва Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС з адкрытым лістом, у якім параўнала іх дзеянні адносна яе сына з генацыдам. Падставай стала тое, што супраць Мікалая Дзядка, якога маюць вызваліць праз два месяцы, пачалі новую крымінальную справу нібыта за «непадпарадкаванне», што пагражае яму яшчэ годам зняволення.

«Цяпер майго сына абвінавачваюць у парушэнні формы адзення», — піша ў адкрытым лісце Валянціна Дзядок.

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на чатыры з паловай  года зняволення паводле абвінавачвання ў хуліганскіх дзеяннях адносна афіцыйных будынкаў.  Беларускія і замежныя праваабаронцы прызналі Мікалая Дзядка палітвязнем. На судзе ён не прызнаў сябе вінаватым і дагэтуль адмаўляецца падпісваць прашэнне аб памілаванні.

Беларускае Радыё Рацыя