Мая Абромчык: Лукашэнка вельмі небяспечны і проста так не сыйдзе



Амаль 10 гадоў прайшло з таго часу, як Маі Абромчык, 21-гадовай студэнтцы, АМАПаўцы падчас Плошчы зламалі нагу.

Гэты выпадак ускалыхнуў грамадства і падштурхнуў хвалі салідарнасці з пацярпелымі пратэстоўцамі. Вінаватага ў збіцці дагэтуль не знайшлі. З сённяшняй «Госцяй Рацыі» пашукаем паралелі гвалту на Плошчы-2010 і на цяперашніх паслявыбарчых пратэстах.

РР: Як у той вечар вы трапілі на Плошчу?

Мая Абромчык: Мы пайшлі галасаваць, а пасля наша сяброўка знікла, і мы пайшлі на Плошчу, каб яе знайсці, калі яна пайшла на Плошчу. Там усе ўжо разыходзіліся. Нічога такога мы не рабілі. Калі мы сыходзілі з Плошчы, АМАПаўцы пабеглі за намі. Я была з сябрамі, узяла свайго хлопца за руку, ён пабег. Я не ведала, што рабіць. Я думала, што не буду ўцякаць. Ён схапіў мяне за руку, і мы прабеглі да сцен Валадаркі. І там ужо не было куды ўцякаць. Іх было пяць чалавк. Двое пачалі біць хлопца з дзяўчынай, якія стаялі ля Валадаркі. А трое пачалі біць майго хлопца. Я прасіла, каб яны не білі нас, што мы ідзем у аўтазак, мы згаджаемся. І адзін сказаў, што калі я не хачу, каб яны білі хлопца, то трэба збіць мяне, раз я такая смелая. Яны крычалі на нас, абражалі. А я вельмі ветліва папрасіла. Толькі адзін мяне біў. І калі я ўпала, то ён працягваў мяне біць. Я не магла ўстаць, бо вельмі балела нага. Яны нас прымусілі бегам ісці ў аўтазак. Гэты АМАПавец мяне яшчэ раз ударыў, калі я ляжала, і прымусіў уставаць. Але я не магла ўжо. Мяне хлопец занёс на руках у аўтазак. Мяне пасадзілі ў «стакан» для двух чалавек. Там была жанчына і яна патэлефанавала праваабаронцам і журналістам. Мы прыехалі на Акрэсціна, і тыя, хто быў у аўтазаку, прасілі, каб мне выклікалі «хуткую дапамгу». А міліцыя не хацела, маўляў, проста так не б’юць. Але ў аўтазаку ўжо пачаўся бунт. Усе пачалі крычаць, каб мне выклікалі „хуткую дапамогу”.

РР: Вас адвезлі ў лякарню і да вас пачалі прыходзіць людзі. І як Вы ўвогуле адчулі людскую салідарнасць і як да вас ставіліся ў лякарні?

Мая Абромчык: Спачатку медсёстры, якія мяне прымалі, негатыўна адносіліся да мяне. Некаторыя медсёстры крычалі на мяне. І пыталіся, ці я не п’яная? Чаму мяне прывезлі з Плошчы са зламанай нагой? Мне было вельмі крыўдна. Лекарам было без розніцы. Доктар нічога не каментаваў і іншыя супрацоўнікі шпіталя. А на другі дзень хтосьці з гістфака патэлефанаваў у «Нашу Ніву» і сказаў, што студэнцы МГУ зламалі нагу. І да мяне прыйшлі з «НН» журналісты і ўзялі інтэрв’ю. І калі інтэрв’ю стала папулярным, да мяне пачалі кожны дзень прыходзіць людзі. Я адчула, што ёсць вялікая салідарнасць у беларускім грамадстве. Гэта вельмі дапамагала, бо ў мяне была аперацыя. У мяне быў пералом са змяшчэннем і з адломкамі. І мне нагу складалі з кавалкаў.

РР: Колькі аперацый было ўсяго і як Вы зараз сябе пачуваеце?

Мая Абромчык: Было тры аперацыі цягам трох гадоў. Зараз нага трошкі крывая. Не магу бегаць, бо баляць суставы. Не магу займацца спортам як раней. А так усё добра, толькі часамі баляць суставы, баліць нага.

РР: Калі браць сёлетнюю пратэстную хвалю, калі Вашае збіццё было для нас усіх шокам, то, безумоўна, збіцці гэтага году ні з чым непараўнальныя. Збіваюць зараз усіх метадычна. Як Вы ставіцеся да гэтага ўнутрана і як бы Вы ахарактарызавалі ўсю гэтую карціну?

Мая Абромчык: Мне было вельмі цяжка, калі пасля выбараў гэта адбылося. І я не магла спаць некаторы час. Гэта страшна, што адбываецца. Мне падаецца, што гэта з аднаго боку падобнае на тое, што адбылося ў 2010 годзе, з другога боку – у шмат разоў горш. Я спадзяюся, што ўсе, хто парушае закон, яны будуць пакараныя.

РР: Дзе Вы зараз знаходзіцеся і як склаўся Ваш лёс? Я так разумею, Вы далей пачалі вучыцца ў Польшчы, вывучаць паліталогію? І ці закраналі Вашыя даследаванні рэжым Лукашэнкі?

Мая Абромчык: Так, я вырашыла скончыць паліталогію, бо расчаравалася ў палітыцы. І вырашыла, што буду займацца праграмаваннем. І зараз я працую ў ІТ-кампаніі.

Тое, у чым я ўпэўнена, што Лукашэнка – псіхапат. І ён вельмі небяспечны. Ён будзе да канца змагацца за ўладу.

Гутарыла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота са сторонкі Маі Абромчык у Facebook