Мажэйка: Суд над Гараўскім – гэта першая ластаўка



Каардынатар экспэртнай сеткі «Наша меркаванне», палітычны аналітык Вадзім Мажэйка па-свойму бачыць тое, што Швейцарскі суд апраўдаў былога спецназаўца Юрыя Гараўскага.

-З палітычнага пункту гледжання, я б сказаў, што гэта досыць канструктыўны сігнал. Бо ён сведчыць, што нават тыя дзеячы, якія проста заплямленыя ў нейкіх злачынствах на тэрыторыі Беларусі, а наўпрост гаворачы па-мафіёзнаму, павязаныя крывёю, што нават такія людзі могуць з’ехаць на Захад, і яны могуць распавесці ўсё пра злачынствы рэжыму і свой у іх удзел. І нават калі яны самі наўпрост прамаўляюць, што так, яны забівалі, то гэта не значыць, што яны будуць пажыццёвым прысудам пакараныя, расстраляныя ці нешта такое.

Аналітык лічыць, што ў Вольнай Беларусі таксама могуць адбывацца судовыя працэсы, і трэба у гэтым працэсе таксама ўлічваць маральны бок:

-Маральны бок – гэта вельмі важна. І швейцарскі суд судзіць па швейцарскіх законах. Гэта не значыць, што ўсе беларускія суды заўсёды мусяць судзіць менавіта так. Але разам з тым, я б сказаў, ёсць бок маральны, ёсць – прагматычны. І паміж імі патрэбны баланс.

На думку дачкі забітага Юрыя Захаранкі – Алены Захаранкі, Юры Гараўскі мусіць сядзець у турме. «Ён з’яўляецца саўдзельнікам забойства майго бацькі і па законе ён павінен мінімум 20-гадовы тэрмін знаходзіцца ў турме,» – так Алена Захаранка заяўляла БЕЛСАТу.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле

Беларускае Радыё Рацыя