Польшча заявіла, што не выдасць Ігара Мазура Расеі
Суд па абранні меры стрымання для ўкраінскага ваеннага, намесніка кіраўніка партыі УНА-УНСО Ігара Мазура пройдзе ў польскім Любліне 11 лістапада.
Мазура затрымалі 9 лістапада Фота: Георгі Лук’янчук / Facebook
Ветэрана АТА і намесніка старшыні партыі УНА-УНСО Ігара Мазура прывезлі ў акруговую пракуратуру ў польскім Хелме для правядзення следчых дзеянняў. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».
Украінца даставілі ў пракуратуру ў 12.00 па ўкраінскім часе для допыту. Па дадзеных выдання, яго прывезлі без кайданкоў.
Сёння пракуратура перадасць у суд хадайніцтва аб меры стрымання для ўкраінца, пасля чаго суд прызначыць час паседжання. Па словах консула Украіны Арцёма Валаха, яно адбудзецца 11 лістапада. Справу будуць разглядаць у Любліне.
9 лістапада польскія памежнікі затрымалі Мазура ў пункце пропуску «Дарагуск» па запыце РФ. У Польшчу ён накіроўваўся па запрашэнні віцэ-спікера Сейма Беата Мазурэк, сцвярджаюць у УНА-УНСО. У Расеі адшукваюць Мазура ў сувязі з вайной у Чачэніі. Міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў, каментуючы затрыманне Мазура, заявіў, што РФ выкарыстоўвае Інтэрпол для палітычна матываваных пераследаў украінцаў.
Віцэ-спікер Сейма Польшчы Малгажата Гасеўска заявіла, што затрыманне Мазура – выключна тэхнічнае выкананне Польшчай міжнародных абавязацельстваў. Паводле яе слоў, для ўкраінца «дарога ў Расею не адкрыта».
Амбасадар Украіны ў Польшчы Андрэй Дзешчыца адзначыў, што ўкраінскі бок будзе прасіць суд у Польшчы аддаць Мазура на парукі.
У МУС Украіны паведамілі, што затрымалі Мазура ў Польшчы па цыркулярным паведамленні, а не па чырвонай картцы Інтэрпола, што значыць: аб яго паездцы ведалі расейцы.
Міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч заявіў, што польскія ўлады будуць высвятляць, ці не было злоўжыванняў у пытанні ўнясення ў базу вышуку Інтэрпола дадзеных Мазура.