Мечыслаў Грыб: Барыс Нямцоў мне нагадваў Віктара Ганчара



Па словах былога старшыні Вярхоўнага Савета 12 склікання Мечыслава Грыба, ён вельмі ўсхваляваны смерцю расейскага палітыка Барыса Нямцова, які быў забіты невядомымі 27 лютага ў Маскве. Пахаванне аднаго з лідараў расейскай апазіцыі адбылося 3 сакавіка на Траекураўскіх могілках расейскай сталіцы.

Мечыслаў Грыб ведаў Барыса Нямцова асабіста. Пазнаёміўся з ім 20 гадоў таму, у 1995 годзе, і быў уражаны маладым, энергічным і добразычлівым чалавекам:

– Ён ў той час ужо не быў ва ўладзе, але зрабіў на мяне вельмі цікавае ўражанне. Я не быў з ім сябрам, таму што ўзрост у нас з ім розны, розныя пакаленні. Але ягоныя падыходы да абароны правоў чалавека, погляды на палітыку, ягоныя адкрытасць, смеласць мне заўсёды імпанавалі. Я і ў Менску сустракаўся з ім, калі ён да нас прыязджаў. Цудоўны чалавек. Калі параўноўваць, то ў нашай беларускай палітыцы мне ў нейкай ступені ён нагадваў таксама пакойнага ўжо Віктара Ганчара.

Па словах Мечыслава Грыба, Расея страціла вялікага палітыка і грамадзяніна. На жаль, ён быў адсунуты ад улады і страціў магчымасці ўплываць на рэальную палітыку. „Ён нічога не мог зрабіць, таму што зараз Расея стала такая ж, як і сучасная Беларусь. На жаль, яна не працягнула развіццё у дэмакратычным кірунку, а перайшла да аўтарытарнага, амаль дыктатарскага рэжыму,” – лічыць Мечыслаў Грыб.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bsdp.org