Мечыслаў Грыб: Галасы не лічаць. Але ўдзельнічаць трэба
Беларуская-сацыял дэмакратычная партыя (Грамада) рыхтуецца да выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. Аб перадвыбарчых планах партыі карэспандэнту Радыё Рацыя Генадзю Барбарычу распавёў сябра партыі, былы старшыня Вярхоўнага Савету 12 склікання Мечыслаў Грыб. Палітык не выключыў, што будзе ўдзельнічаць у гэтай кампаніі.
Мечыслаў Грыб: Наколькі мне вядома, наша партыя пойдзе на гэтыя выбары. Пойдзе асобна, ні ў якія блокі, ні ў якія суполкі з іншымі партыямі ўступаць не будзе. Магчыма супольнае назіранне. Але на акругі пойдзе самастойна, будзе вылучаць сваіх кандыдатаў…
RR: А колькі кандыдатаў партыя плануе вылучыць?
Мечыслаў Грыб: Зараз ідзе гэта праца. Абласныя камітэты партыі, Менскі гарадскі каміэт партыі вылучаюць сваіх магчымых кандыдатаў. А потым канчатковы спіс кандыдатаў будзе сфармаваны на нечарговым з’ездзе партыі. Сказаць канкрэтна, колькі будзе кандыдатаў – 20, 30, ці можа, 50, пакуль цяжка. Але я думаю, што не менш за 20 чалавек будзе. Але справа не ў тым, колькі будзе вылучана, а ў тым, што выбараў як такіх, у сучаснай Беларусі няма. Гэта маё суб’ектыўнае меркаванне, і як былога старшыні Вярхоўнага Савекта, і як чалавека, які назіраў за выбарамі ў розных іпастасях, пачынаючы недзе з 1996 года. Хачу падкрэсліць – выбараў няма. Аднак ёсць меркаванні і спрэчкі аб тым, што ўлада некага з апазіцыі прапусціць. Я не выключаю, што магчыма, 1-2 чалавекі з нейкай партыі ці яшчэ аднекуль пад відам дэмакратаў могуць быць прызначаны ў Палату Прадстаўнікоў. Але гэта не значыць, што яны былі выбраны.
Каб правесці свабодныя, сумленныя, дэмакратычныя выбары не трэба ўносіць нейкія змены ў выбарчае заканадаўства. Дайце мне магчымасць, дайце мне загад, каб я па гэтаму, зараз дзеючаму беларускаму заканадаўству правёў свабодныя, сумленныя і незалежныя выбары. І я вам даю гарантыю, што я гэта зраблю па гэтаму заканадаўству. Ссылка на тое, што трэба ўнасіць змены ў выбарчае заканадаўства служаць для таго, каб „замазваць” вочы, каб рабіць адгаворкі. Я ўпэўнены, што калі даць беларускай уладзе самае дэмакратычнае заканадаўства Англіі, Францыі, Украіны, Польшчы, то яны ўсё роўна зробяць выбары, так, як заўсёды, адзін да аднаго. А дайце Англіі, Францыі ці Польшчы нашае заканадаўства і яны па нашаму заканадаўству правядуць сумленныя і дэмакратычныя выбары. Зразумела, што беларускае заканадаўства недэмакратычнае, недасканалае. Яго трэба ўдасканальваць, мяняць. Але не ў гэтым справа. Справа ў палітычнай волі ўлады. Гэтая воля накіравана не на правядзенне дэмакратычных і свабодных выбараў, яна накіравана на захаванне, на ўтрыманне ўлады. І вось гэта воля – на захаванне і ўтрыманне ўлады, пройдзе праз выбары. Ніякага не будзе тут паслаблення. На словах беларускія ўлады абяцаюць нейкія змены прадстаўнікам дэмакратычных краінаў, але ў рэальнасці будуць рабіць сваю справу так, як і заўсёды. Таму няма на што спадзявацца.
RR: Але настроі ў грамадстве такія, што апазіцыя магла б набраць не мала галасоў, калі б выбрала слушныя стратэгію і тактыку, калі б аб’ядналася хаця б?
Мечыслаў Грыб: У мяне на гэты конт таксама ёсць свае меркаванні. Апошнім часам журналісты, нават вядомыя журналісты, палітолагі, пішуць і папракаюць апазіцыю, што яна не можа ніяк аб’яднацца і вылучыць агульна па аднаму кандыдату на кожную выбарчую акругу. Гэта было б нядрэнна, але гэта ўжо немагчыма, таму што час прайшоў і яго ўжо не вернеш. І па-другое, нельга вылучаць адзіных кандыдатаў, калі самі палітычныя партыі, арганізацыі і рухі не аб’яднаныя. Тады нехта губляе, нехта спрабуе перацягнуць коўдру на сябе, – атрымліваецца абы што. І ў трэціх, як разважаюць журналісты і палітолагі, калі б быў адзін кандыдат, а шмат людзей зараз настроены апазіцыйна да ўлады, то яны ўсе аддалі б голасы за прадстаўніка апазіцыі і ён набраў бы большасць. А калі на акрузе будзе некалькі апазіцыйных кандыдатаў, то галаса за іх раздробяцца і ў цэлам яны атрымаюць мала і перамогу без фальсіфікацый дастанецца праўладнаму кандыдату. Калі разглядаць гэта без сувязі з беларускай рэчаіснасццю, то гэта здаецца лагічным. А на самой справе нічога не вызначае – адзін будзе кандыдат, ці некалькі. Галасы ж не лічаць і лічыць не будуць. Яшчэ да пачатку выбараў праўладнаму кандыдату ўжо прызначана, колькі яму дадуць галасоў. А рэшткі разаб’юць між астатнімі. А журналісты і палітолагі быццам гэтага не разумеюць. Якая большасць, калі галасоў не лічаць і лічыць не будуць!
RR: А як пераламіць гэтую сітуацыю? Вы з вашым палітычным досведам, ужо столькі выбарчых кампаній прайшлі, можа, ёсць у Вас нейкі план, нейкі ключ, каб адчыніць гэты замок?
Мечыслаў Грыб: План і ключ адзін. Трэба мяняць уладу, трэба мяняць заканадаўства, трэба мяняць выбарчыя камісіі. Усе, з самага верху да самага нізу. І ўсё пачынаць спачатку.
RR: Але атрымліваецца замкнутае кола. Уладу можна мяняць праз выбары. А выбары фальсіфікуюць. Тады што – толькі плошча, пратэст народа?
Мечыслаў Грыб: Атрымліваецца, плошча, сур’ёзныя патрабаванні людзей да ўлады, каб выбары былі справядлівыя. Калі гэтага не будзе, то і зменаў у сітуацыі не будзе.
І яшчэ ёсць думкі, што калі няма свабодных і справядлівых выбараў, то навошта палітычным партыя, ведаючы заранее, што не будзе перамогі, ісці на іх? Сэнсу няма, здаецца, байкот. Але палітычная партыя на то і палітычная партыя, каб яна законным шляхам вяла барацьбу за ўладу. Гэта няважна, што мы сёння не пераможам. Не, насмрэч гэта важна, але гэта не асноўнае. Удзел у выбарах – гэта вялікая практычная школа для ўсіх удзельнікаў, асабліва для кандыдатаў у дэпутаты. Іншай школы няма і ніхто яе не створыць, ніхто яе не дасць. І незалежна, колькі будзе кандыдатаў у дэпутаты па акрузе ад апазіцыі, адзін, ці тры-чатыры. Гэта школа для ўсіх. Я бачыў, калі чалавек, які не ўдзельнічаў раней ў палітычных кампаніях, у назіранні, а потым пачаў удзельнічаць, пасля яе станавіўся іншым чалавекам. Ён па іншаму разважаў. Ён бачыў на свае вочы, што робіцца. Гэта школа, якую нічым не заменіш. Таму ісці трэба, хаця ведаем, што з гэтага нічога не атрымаецца…
Мечыслаў Грыб пакуль не вырашыў канчаткова, ці будзе ўдзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі, ці не. Па яго словах, канчаткова ён прыме рашэнне бліжэй да з’езду партыі, які прйдзе ў ліпені.
Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя