Мечыслаў Грыб: На сумленных выбарах Караткевіч мела б шанец



Былы старшыня Вярхоўнага Савету 12 склікання, Генеральны сакратар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Мечыслаў Грыб лічыць, што ва ўдзеле Таццяны Караткевіч у прэзідэнцкай кампаніі ёсць і плюсы і мінусы. У інтэрвію карэспандэнту Радыё Рацыя Генадзю Барбарычу Мечыслаў Грыб нагадаў, што Караткевіч з’яўляецца сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). І яе рашэнне ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі сябрамі партыі было ўспрынята неадназначна

Мечыслаў Грыб: Партыя выказала сваё меркаванне. Думкі раздзяліліся. Адны яе падтрымліваюць і ўдзельнічаюць у яе выбарчым штабе. Другія не падтрымліваюць. Нехта крытыкуе яе. Гэта звычайная справа, справа кожнага. А ў цэлым партыя не супраць яе ўдзелу ў выбарчай кампаніі.

Безумоўна, гляжу і параўноўваю выступы кандыдатаў у прэзідэнты. Размову тут можна весці пра трох кандыдатаў, таму што Аляксандр Рыгоравіч не выступае па радыё і тэлебачанню, як кандыдат у прэзідэнты. Ён лічыць гэта непатрэбным. Але шмат выступае па іншых справах, як кіраўнік дзяржавы. Стараюся быць аб’ектыўным. І мне з гэтых траіх, і я спадяюся, і для большасці выбаршчыкаў, усё ж такі найбольш падабаецца Таццяна Мікалаеўна Караткевіч. Яе выступы больш сэнсоўныя, больш канкрэтныя, больш граматныя. Выступы Сяргея Гайдукевіча і Мікалая Ўлаховіча нават блізка не стаяць з тымі выступамі, якія робіць Таццяна. Гэта па-першае. А па-другое, я б хацеў заўважыць, што яна прафесійна расце. Таму што першы выступ па тэлебачанні і другі выступ адрозніваюцца. Другі значна больш канкрэтны. У ім больш канкрэтная праграма па эканоміке, па сацыяльных пытаннях і так далей. Мне здаецца, людзям гэта падабаецца. Зразумела, каб выбары былі нармальныя, дэмакратычныя, свабодныя, як гэта належыць, то адназначна яна б мела шанец на перамогу. Ну можа не ў першым, так ў другім туры. Але паколькі ў нас гэтага няма і наўрад ці будзе, то, я думаю, што ўсё можа скончыцца тым, што ёй пакажуць не рэальны працэнт выбаршчыкаў, якія за яе прагаласавалі, а той працэнт, які вырашыць даць улада.

 RR: У гэтым і праблема, што Таццяна Караткевіч заклікае – прыходце, галасуйце за мяне. Людзі прыйдуць, прагаласуюць за яе, а іх бюлетэні будуць адпраўлены ўжо ў іншую ўрну, не ў выбарчую. Ці слушна заклікаць ісці на выбары, ведаючы, што сумленнага падліку галасоў няма?

 Мечыслаў Грыб: Разумееце, калі кандыдат у прэзідэнты ідзе і выступае перад выбаршчыкамі, то ў яго няма іншага выбару, як не заклікаць на выбары. Калі кандыдат на пасаду прэзідэнта прыйдзе на сустрэчу з выбаршчыкамі і будзе заклікаць людзей, каб яны не хадзілі на выбары, прабачце мяне, – гэта нонсенс. А па-другое, гэта ж забаронена нашым заканадаўствам. Яе ж здымуць тады з гэтай прэзідэнцкай выбарчай гонкі, яна не будзе далей удзельнічаць. Яна толькі можа адно – зрабіць заяву і сыйсці з кандыдатаў у прэзідэнты. Але калі яна не думае гэта рабіць, то яна проста не можа заклікаць, каб людзі не ішлі на выбары. Так ці інакш, мне падаецца, што гэтыя спрэчкі – нейкая „бура ў шклянцы вады” і не больш таго. Пойдуць людзі на выбары ці не пойдуць – у выбарчых камісіях ужо ўсё гэта адпрацавана. Не пойдуць, так за ніх дапішуць. Колькі трэба выбаршчыкаў, столькі і паставяць. Задачу выканаюць – 76 працэнтаў, як ужо паведаміла праўладнае сацыялагічнае апытанне, падтрымлівае Аляксандра Рыгоравіча. Гэта і напішуць, а астатнім дадуць столькі, сколькі палічаць патрэбным. Таму ўсе гэтыя спрэчкі не маюць вялікага значэння.

 RR: Але ж выбарчыя ўчасткі будуць пустыя. І назіральнікі гэта заўважаць, і назіральнікі з-за мяжы ў тым ліку. І будуць пытанні – адкуль 76, 80, 90 адсодкаў прыняўшых удзел у выбарах, калі ўчасткі былі пустымі?

Мечыслаў Грыб: Па-першае, на нашых назіральнікаў улада ўвагі ніколі не звяртала і зараз звяртаць не будзе. Ну гаварыце, ну рабіце свае маніторынгі, падлічвайце, а мы будзем рабіць тое, што лічым неабходным. Што тычыцца замежных назіральнікаў, яны таксама дзеляцца, як мінімум, на две катэгорыі. Адны заходнія, якія лічаць сябе справедлівымі, аб’ектыўнымі і незалежнымі. Другія ад краін СНД, якія заўсёды выбары ў Беларусі прызнавалі справядлівымі, дэмакратычнымі і сапраўднымі. Яны скажуць тое, што патрэбна. А па-другое, замежныя назіральнікі не будуць знаходзіцца ад „а” да „я” на выбарчых участках. Іх проста столькі няма. А выбарчых камісій у нас больш за 6 тысяч. Назіральнікі тут пабылі, там пабылі і паехалі. Ну выказалі свай меркаванне. Але ж, прабачце, калі ён не быў ад 8 да 8, і не прысутнічаў пры падліку галасоў, ён не можа рабіць высновы па гэтаму выбарчаму ўчастку. Таму што заўсёды можна сказаць, што „у нас было шмат людзей, калі вас не было”. Могуць так сказаць? Могуць. І нічога не дакажаш!

RR: Наколькі для ўлады выгадны ўдзел Таццяны Караткевіч у выбарчай кампаніі? Яна ж выступае з крытыкай улады.

Мечыслаў Грыб: Для ўлады праект Караткевіч даволі выгадны. Па-першае, яна заклікае прыйсці людзей на выбары. Па-другое, улады яе не баяцца. Таму што яны знаюць сваю справу і што яны зробяць, тое і зробяць. Тое, што яна крытыкуе ўлады і прапануе прыйсці да змен мірным шляхам, улада і ў гэтым вялікай пагрозы для сябе не бачыць – ну няхай крытыкуе. Вось таму, калі падсумаваць, удзел Караткевіч цалкам выгадны для ўладаў. Таму што яна заклікае людзей удзельнічаць у выбарах, таму што яна за мірныя перамены, таму што яна крытыкуе ўлады. Гэта ж дэманструе, што мы зараз дэмакратыю тут разводзім. І хай Захад глядзіць на нас – мы новага чалавека дапусціла да выбараў. Бачыце, ён нас крытыкуе, а мы яшчэ яго не чапаем. Мы яму даем усе магчымасці, хай ідзе. Гэта выгадна!

RR: То бок маюць рацыю Мікалай Статакевіч, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў, якія праводзяць сваю паралельную кампанію, хоць і не выбарчую, а антывыбарчую. Можа, яна нават больш эфектыўная, чым кампанія Таццяны Караткевіч?

Мечыслаў Грыб: Па майму суб’ектыўнаму разуменню, і ўдзел Таццяны Мікалаеўны ў выбарах, і зняццё яе з выбараў, як прапануюць Анатоль Лябедзька ці Уладзімір Някляеў, гэта сутнасці вынікаў выбарчай кампаніі не мяняе. Няма за што тут ламаць коп’я. Удзельнічае? Ну хай удзельнічае! Можа нават і падтрымаць трэба. Нічога страшнага. Сёння яна не пераможа. Мы ведаем, сёння проста не дадуць ёй перамагчы. Але яна вырасце як чалаек, як кандыдат, як палітык. І гэта важна! Ну на вачах расце чалавек, малады, сімпатычны. Так чым гэта дрэнна? Шкада некаму?

RR: Значыць палітычныя перспектывы ў Таццяны Караткевіч ёсць?

Мечыслаў Грыб: Я думаю, так. Калі яна гэтай перспектывы не згубіць. Усё будзе залежаць ад яе. Якіх яна поглядаў будзе прытрымлівацца пасля выбарў. Застанецца яна ў палітыцы, ці задаволіцца тым, што ўжо пабыла адзін раз кандыдатам і больш не захоча. Яна ж усё ж такі жанчына, у яе сямья. А можа ўлада нейкую спробу зробіць, каб яе да сябе прыцягнуць.

 RR: Варыянт Плошчы магчымы пасля выбараў?

Мечыслаў Грыб: На мой погляд, з-за вынікаў выбараў у гэтым годзе, Плошча не магчыма. Варыянт Плошчы магчымы, але з-за сацыальна-эканамічнага становішча. Вось рэзкае пагаршэнне ўзроўня жыцця можа вывесці людзей на вуліцу, але не вынікі выбараў. Людзі да выбараў ставяцца зараз абыякава. Для большасці людзей гэта нічога не азначае. Ну быў ён 20 гадоў – неяк жылі. Яшчэ будзе 5 ці 10 гадоў – неяк будзем жыць. Людзі не хочуць нічога знаць. І людзі на пойдуць з-за гэтага на Плошчу. Але калі вынікі выбараў будуць, напрыклад, такія, што ў Лукашэнкі 50 працэнтаў, а ў Караткевіч 35 ці 45, вось тады людзі могуць задумацца, могуць нешта зрабіць. Але ж улады ёй столькі не дадуць.           

Па словах Мечыслава Грыба, ён сам пакуль не вызначыўся, ці пойдзе галасаваць на гэтых прэзідэнцкіх выбарах.”Час яшчэ ёсць. Пакуль думаю,” – сказаў палітык.

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя