Улада адкрыта выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс



Ініцыятыўная група Лукашэнкі адкрыта выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс. „Ты не чапай мяне, я не крану цябе”, – па такіх прынцыпах у асноўным ідзе збор подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Такое меркаванне на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы выказаў экс-спікер беларускага парламента Мечыслаў Грыб. «Асноўная, калі можна так сказаць, ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Лукашэнкі адкрыта выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс, працуючы на ​​прадпрыемствах і ў арганізацыях, не звяртаючы ніякай увагі на патрабаванні 61-га артыкула Выбарчага кодэкса», – адзначае Мечыслаў Грыб.

– Я прыйшоў да высновы, што ў тых звестках, якія ёсць у сродках масавай інфармацыі – па Салігорску, па Берасці, а таксама я меў размовы з людзьмі, якія працуюць на прадпрыемствах, у арганізацыях, і яны кажуць, што даводзяць план, разнарадку, колькі трэба сабраць подпісаў сярод рабочых, каму, куды здаць. І гэта робіцца адкрыта, гэта ні ад каго не хаваецца. Бо і схаваць немагчыма – там многа людзей прымае ўдзел у гэтых парушэннях 61-га артыкула.

“Навошта парушаць выбарчае заканадаўства, калі і так за Лукашэнку можна сабраць неабходную колькасць галасоў, нічога не парушаючы. А вось ініцыятыўныя групы іншых патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты працуюць разрознена, кожны на сябе. Пратэстаў аб незаконных дзеяннях ініцыятыўнай групы Лукашэнкі яны не заяўляюць”, – адзначае Мечыслаў Грыб.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя