Менгарсуд не задаволіў скаргу Марыі Калеснікавай на меру стрымання
Менскі гарадскі суд адмовіў у задавальненні скаргі члена прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, каардынатара штаба Віктара Бабарыкі Марыі Калеснікавай на меру стрымання, паведаміў адзін з яе адвакатаў Аляксандр Пыльчанка.
Паводле яго слоў, рашэнне суда Партызанскага раёна Менска ад 21 верасня аб пакіданні Калеснікавай пад вартай застаецца ў сіле.
Разгляд скаргі адбыўся 25 верасня. Калеснікава на працэсе не прысутнічала, відэасувязі з ёй таксама не было, адзначыў адвакат. „Нашы далейшыя дзеянні будзем абмяркоўваць з Марыяй. Пакуль яна застаецца пад вартай да 8 лістапада”, — сказаў ён.
Абаронцы наведвалі Калеснікаву 23 верасня. „Яна трымаецца нармальна. Непрыемна знаходзіцца ў такіх месцах, але яна бадзёрая і ўпэўненая ў сабе”, — канстатаваў Пыльчанка.
Марыя Калеснікава была выкрадзеная раніцай 7 верасня ў цэнтры Менска невядомымі ў масках. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў КР Антона Раднянкова і Івана Краўцова гвалтоўна вывезлі ва Украіну. Аднак Калеснікаву выправадзіць з Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт.
9 верасня высветлілася, што Калеснікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску ў статусе падазраванай па справе паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт). Справа была распачатая раней па факце стварэння Каардынацыйнай рады, сфармаванай з ініцыятывы былога кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
У той жа дзень у Менску па гэтай справе былі затрыманыя член прэзідыума КР Максім Знак і юрыст штаба Бабарыкі Ілья Салей.
12 верасня Калеснікаву перавялі ў турму ў Жодзіна (Менская вобласць).
16 верасня Следчы камітэт паведаміў аб выстаўленні Калеснікавай абвінавачання на падставе ч. 3 арт. 361 КК. Ёй пагражае пазбаўленне волі ад двух да пяці гадоў. 18 верасня абвінавачанне па гэтай справе выставілі Знаку і Салею.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Калеснікаву, Знака і Салея палітычнымі зняволенымі.
24 верасня па адміністрацыйнай справе была затрыманая іншая абаронца Калеснікавай Людміла Казак. Згодна з інфармацыяй яе адваката Віктара Мацкевіча, зараз яна знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна, абарона спрабуе высветліць акалічнасці затрымання.