Менгарвыканкам забараніў Ціханоўскай мітынг на Бангалор



Гэтым вечарам Менгарвыканкам адмовіў даць дазвол на выбарчы мітынг Святланы Ціханоўскай.

Сустрэча кандыдаткі ў прэзідэнты з выбарцамі была запланаваная на вечар 6 жніўня на плошчы Бангалор у парку Дружбы народаў — адным з нешматлікіх месцаў у Менску, дзе дазволена ладзіць выбарчыя мітынгі і пікеты. Папярэдні мітынг Ціханоўскай у гэтым парку Дружбы народаў сабраў больш за 60 000 ўдзельнічаў. Напярэдадні стала вядома, што ўвесь тыдзень па вечарох у парку будуць ладзіцца вечары класічнай музыкі. А на 6 жніўня прызначанае святкаванне Дня чыгуначных войскаў.

На вечар чацвярга менскія ўлады занялі мерапрыемствамі ўсе шэсць пляцовак, вылучаных для выбарчай агітацыі. Нагадаем, што апошнімі днямі ўлады зрываюць сустрэчы Ціханоўскай з выбарцамі й у розных гарадох краіны.

Беларускае Радыё Рацыя