Менск адклікаў згоду на прызначэнне Джулі Фішэр паслом ЗША



Афіцыйны Менск адклікаў згоду на прызначэнне Джулі Фішэр паслом ЗША, гаворыцца ў каментары прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза.

Паводле яго слоў, гэта стала адной з мер у адказ на ўведзеныя ЗША санкцыі.

„У дыпламатыі ёсць пэўная этыка, і мы не будзем іх (меры ў адказ. — БелаПАН.) усе агучваць публічна. Да амерыканскага ж боку наша зваротная рэакцыя на іх недружалюбныя і нават агрэсіўныя дзеянні прадметна даведзеная сёння ў МЗС падчас сустрэчы з часовым павераным Рубенам Аруцюнянам”, — сказаў Глаз.

Ён адзначыў, што Беларусь і ЗША за апошнія гады прарабілі „вялікі шлях па вывядзенні дыпламатычных адносін на больш-менш прымальны ўзровень”. „Таму шкада, што нахабныя і адкрыта варожыя дзеянні амерыканскага боку, як і ўчынкі асобных яго прадстаўнікоў, якія зусім не падпадаюць пад паняцце дыпламатыі і прафесіяналізму, разбурылі напрацоўкі папярэднікаў і вымусілі нас адклікаць раней выдадзеную згоду Рэспублікі Беларусь на прызначэнне Джулі Фішэр паслом ЗША ў нашай краіне. Венская канвенцыя аб дыпламатычных зносінах такія сітуацыі тлумачыць, таму непаразумення тут быць не павінна. Але, калі спатрэбіцца, мы растлумачым”, — адзначыў прэс-сакратар.

Глаз таксама паведаміў: „На фоне дзеянняў Вашынгтона па скарачэнні супрацоўніцтва ва ўсіх сферах і эканамічным задушэнні нашай краіны мы таксама цалкам аб’ектыўна не бачым сэнсу ў прысутнасці ў Беларусі такога значнага персаналу амерыканскай дыпмісіі. Проста незразумела, чым ім займацца на такім фоне. У гэтай сувязі амерыканскаму боку прапанавана да 1 верасня скараціць колькасць свайго пасольства ў Мінску да пяці чалавек. Уласна кажучы, такая цалкам зразумелая логіка будзе ўлічвацца і ў выпадку далейшага зніжэння двухбаковага ўзаемадзеяння па ініцыятыве ЗША”.

„Улічваючы страту дзейнай амерыканскай адміністрацыяй даверу з боку Беларусі, узгадненне ўсіх новых праектаў, грантаў і праграм па лініі ўрада ЗША з нашага боку прыпыняецца да моманту вяртання такога даверу”, — сказаў Глаз.

Паводле яго слоў, Беларусь пакідае за сабой права прыняць дадатковыя меры ў адказ.

„Яшчэ раз падкрэслю, што нават у цяперашняй сітуацыі Беларусь гатовая да дыялогу і перагледзіць шэраг уведзеных мер у выпадку вяртання палітыкі Вашынгтона ў дачыненні да Беларусі ў канструктыўнае рэчышча. Што, дарэчы, на справе, а не на высакамоўных словах адпавядала б інтарэсам беларусаў і амерыканцаў”, — сказаў Глаз.

9 жніўня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў новы выканаўчы ўказ, які пашырае магчымасці для прыняцця санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму.

У гэты ж дзень Міністэрства фінансаў ЗША абвясціла аб увядзенні санкцый у дачыненні да 23 фізічных і 21 юрыдычнай беларускай асобы.

belapan.by

Фота: state.gov