Менск наведае кіраўнік літоўскага МЗС
Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус 24-25 ліпеня наведае з візітам Беларусь. Падрабязнасці візіту пакуль не паведамляюцца. Запланаваныя сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем і прадстаўнікамі ўраду.
На заўтра запланавана сустрэча кіраўніка літоўскай дыпламатыі з сем’ямі палітвязняў, на якую запрошана і Марына Адамовіч, жонка палітвязня, былога кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі Міколы Статкевіча:
– Вельмі хацелася б пачуць, што пазіцыя еўрапейцаў не памянялася. Безумоўна, эканамічныя кантакты маюць быць, чаму б і не, абы толькі суб’екты гэтых кантактаў былі не рэжымаабразуючыя, я б сказала так, прадпрыемствы і экспарцёры.
Пра тое, якія пытанні падчас сустрэчы з літоўскім міністрам маюць намер закрануць прадстаўнікі апазіцыі, расказвае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
-У АГП, незалежна ад таго з кім мы сустракаемся і дзе, ёсць сфармаваная пазіцыя. Яна прынцыповая і паслядоўная. Мы прытрымліваемся пакрокавай ці трохкрокавай стратэгіі: вызваленне палітычных вязняў, свабодныя, сумленныя выбары па стандартах АБСЕ і План мадэрнізацыі для Беларусі.
Кіраўнік літоўскай дыпламатыі добра знаёмы з рэаліямі Беларусі, бо ў 2012 на працягу чатырох месяцаў працаваў амбасадарам Літвы ў Беларусі, а затым быў адкліканы з гэтай пасады ў сувязі з прызначэннем на пасаду міністра замежных спраў Літвы.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя