Менск: Перамовы па падатковым манеўры заблакаваў расейскі бок
Перамоўны працэс аб кампенсацыі Беларусі за падатковы манеўр расійскі бок стаў блакаваць восенню, паведаміў журналістам 18 снежня ў Менску намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.
Паводле яго слоў, восенню завяршыліся перамовы па гэтым пытанні на ўзроўні мінфінаў Беларусі і Расеі. „Мы прыклалі ўсе намаганні, каб перамовы былі канструктыўнымі. Пытанне аб падатковым манеўры стала абмяркоўвацца ў чэрвені гэтага года, і да пэўнага моманту мы канструктыўна ўзаемадзейнічалі. Мы падалі расійскаму боку неабходныя разлікі і дадзеныя, абмеркавалі магчымыя варыянты кампенсацыі страт Беларусі і чакалі ад Расіі прапановы па гэтым пытанні”, — расказаў Кійко.
Але ўжо ў верасні-кастрычніку, дадаў ён, кантакты на ўзроўні мінфінаў спыніліся, прычым „у большай ступені гэта адбылося па ініцыятыве расейскага боку”.
„У выніку кансультацый не ўдалося выпрацаваць узгодненае рашэнне і ўнесці яго на ўзровень урада. Расейскі бок у большай ступені заблакаваў гэты працэс. Мы урадам не змаглі прапанаваць рашэнні, каб вызначыцца з механізмам кампенсацыі страт Беларусі”, — сказаў Кійко.
Адказваючы на пытанні БелаПАН, ён адзначыў, што беларускі бок прапаноўвае разлічыць кампенсацыю, зыходзячы з умоў у нафтавай сферы, якія дзейнічалі да апошняга часу. „Пры падпісанні дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе вызначаны базавыя ўмовы ў галіне пастаўкі і перапрацоўкі нафты. Першая — залічэнне ў беларускі бюджэт вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты ў памеры да 1,5 млрд долараў ЗША, другая — бяспошлінная пастаўка да 24 млн тон расейскай нафты ў Беларусь”, — адзначыў намеснік міністра фінансаў.
Кійко нагадаў, што параметры падатковага манеўру, які Расея плануе рэалізаваць у 2019—2024 гадах, прадугледжваюць штогадовае на працягу шасці гадоў зніжэнне ставак мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты.
„У выніку гэтых змяненняў для Беларусі будзе змяншацца сума вывазных мытных пошлін, якія мы залічваем у свой бюджэт, аж да поўнага выпадзення гэтай крыніцы з 2025 года. Акрамя гэтага, з улікам існага механізму цэнаўтварэння (сусветная цана за вылікам вывазной мытнай пошліны) уваходная цана нафты з прычыны падатковага манеўру для Беларусі будзе расці”, — растлумачыў Кійко.
У той жа час, падкрэсліў ён, беларускі бок зыходзіць з таго, што ўмовы ў сферы нафты і нафтаперапрацоўкі, якія былі прадугледжаны пры падпісанні дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, пагаршацца не павінны.
„З улікам цаны 70 даляраў за бараль нафты памер кампенсацыі выпадаючых даходаў беларускага бюджэту ў 2019 годзе павінен скласці крыху больш за 300 млн долараў. Прычым гэта нарастаючая сума — кожны год (да 2024 года ўключна) выпадаючыя прыбыткі бюджэту будуць павялічвацца на 300 млн долараў”, — адзначыў Дзмітрый Кійко.
Агульная сума страт бюджэту (у сувязі са зніжэннем і наступным абнуленнем мытных нафтавых пошлін) і нафтаперапрацоўчых заводаў Беларусі (у сувязі з павелічэннем уваходнай цаны нафты за 2019—2024 гады) ацэньваецца ў 10,8 млрд даляраў, паведаміў намеснік міністра фінансаў.
belapan.by