Менск: Марш у Курапаты



Шэсце і мітынг-рэквіем ва ўрочышчы Курапаты.

 Нягледзячы на супрацьдзеянне сілавікоў, некалькім тысячам дэманстрантаў удалося дабрацца да Курапатаў. 

Частка ўдзельнікаў маршу не змагла дайсці да ўрочышча — яны вярнуліся на Лагойскі Тракт з боку вуліцы Мірашнічэнкі, ГЦ „Экспабел” і BIGZZ.

17.20  Людзі ўсё яшчэ ідуць у Курапаты. Падымаюцца да асноўнага мемарыяла праз жывы калідор, які пратэстоўцы ўтварылі абапал сцежкі, стаўшы плячом да пляча і ўзняўшы нацыянальныя сцягі.

16.57  Тысячы людзей прарваліся да Курапат, нягледзячы на шматлікія перашкоды на шляху. Людзі нясуць кветкі, запальваюць свечкі, ідуць ад крыжа да крыжа.

16.50  Калі сілавікі перакрылі праход да Курапат па Мірашнічэнкі праз МКАД, людзі проста пайшлі ва ўрочышча полем.

16.45  У раёне каля Курапатаў, дзе сабралася шмат дэманстрантаў, сілавікі выкарыстоўвалі светлашумавыя гранаты. Праходзяць затрымання.

16.30  Калона пратэстоўцаў ідзе ў бок Курапатаў.

16.20  З боку Карбышава да тракта прыйшла вялікая калона людзей. Вадамёт і грузавікі павольна рухаюцца ў бок МКАД. Людзі крычаць ім: «Жыве Беларусь!» і апладыруюць.

У раёне МКАД — Мірашнічэнкі сілавікі ўжылі супраць дэманстрантаў святлошумавую гранату, таксама чуюцца стрэлы.

16:10 Асноўная калона дэманстрантаў заняла вуліцу Карбышава і рухаецца ў бок Курапатаў.

16.05  Людзі, якія разбегліся ў раёне Сядых, сфармавалі дзве калоны ў раёне былога кінатэатра «Вільнюс» і ідуць да Лагойскага тракта.

16.01 Патокі людзей на Каліноўскага, Цікоцкага, Кедышкі, праспекце каля метро Усход.

15.50  Аўтазакі і мікрааўтобусы паехалі ў бок МКАД. ДАІ не прапускае аўтамабілі на Гамарніка, толькі грамадскі транспарт.

15:35 Асноўная частка калоны «Усход» перамясцілася з Каліноўскага на Кедышкі. Жыхары мікрараёна трымаюць дзверы пад’ездаў адчыненымі.

15.30  На Лагойскім тракце з усіх бакоў скрыжавання на ходніках шмат людзей. Аўтамабілі сігналяць, людзі проста стаяць са сцягамі.

15:10 Ужо дзясяткі і дзясяткі тысяч дэманстрантаў на Каліноўскага і праспекце Незалежнасці ад павароту на Каліноўскага да раёна метро Маскоўская.

15:01  Галава асноўнай калоны дэманстрантаў зараз ля скрыжавання з вуліцай Каліноўскага ля метро Усход. Хвост — ля метро Маскоўская. Калона нераўнамерная, людзі ідуць групкамі. Агулам у шэсці ўжо бярэ ўдзел каля 20 тысяч дэманстрантаў.

15.00 Частка калоны дайшла да Дана Мола, яе хвост – каля Аляксандраўпасажу.

14.50  Насустрач удзельнікам маршу з боку метро „Усход” рухаецца калона спецтэхнікі — вадамёты, грузавікі з салдатамі, мікрааўтобусы з сілавікамі, аўтазакі.

Сілавікі перакрылі праспект перад Нацыянальнай бібліятэкай і пачалі затрымліваць людзей, які ішлі насустрач асноўнай калоне.

Частка дэманстрантаў апынулася заблакаваная на ўчастку ад вуліцы Валгаградскай да бізнес-цэнтра „Аляксандраў пасаж”. Людзі развярнуліся і ідуць да Акадэміі навук.

14.45   Людзі працягваюць ісці да «Маскоўскай» з боку Калініна. Паток людзей не сканчаецца. Частка калоны павярнула на Валгаградскую і рухаецца да Лагойскага тракту.

14.40  Частка калоны заблакаваная на ўчастку ад Валгаградскай да БЦ «Аляксандраў пасаж». Калона развярнулася і ідзе да Акадэміі навук. Калоне, што ішла ад Уручча таксама перагарадзілі дарогу.

14.30  Некалькі тысяч чалавек выйшлі на праезную частку праспекта Незалежнасці ў раёне станцыі метро „Парк Чалюскінцаў” і пачалі рух наперад па праспекце. Дэманстранты скандуюць „Жыве Беларусь!”. Машыны сігналяць.

ДАІ перакрыла рух на скрыжаванні праспекта з вуліцай Талбухіна. Міліцыя праз мегафон папярэджвае дэманстрантаў аб тым, што мерапрыемства не санкцыянаванае.

14:25  Сілавікі сталі ў ланцуг на праспекце, дэманстранты абыходзяць іх па тратуары, скандуюць «Фашысты!». Ззаду калоны дэманстрантаў з бусаў выйшлі, імаверна, супрацоўнікі ГУБАЗіКа, апранутыя па-спартыўнаму з дубінкамі ў руках.

14.20  Людзей у раёне станцыі метро „Парк Чалюскінцаў” становіцца ўсё больш. Людзі, якія сабраліся пляскаюць у далоні, аўтамабілісты сігналяць ім у знак прывітання. З’явіліся бел-чырвона-белыя сцягі.

Людзі збіраюцца каля станцыі метро „Парк Чалюскінцаў”, каб накіравацца ва ўрочышча Курапаты — месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

13.50  Людзі невялікімі калонамі ідуць па праспекце Незалежнасці да заводу «Прамень», і ўжо некалькі сотняў чалавек сабраліся на бульвары Талбухіна.

Каля Курапатаў на МКАД ужо стаяць мікрааўтобусы з сілавікамі.

13:30  Непасрэдна на абвешчаным шляху меркаванага Маршу супраць тэрору, які мае пайсці ў Курапаты, — толькі машыны ДАІ, паведамляюць карэспандэнты «Наша Ніва». Аднак метро Акадэмія навук, Парк Чалюскінцаў і Маскоўская закрытыя, а ў Менску, як і кожную нядзелю, назіраецца канцэнтрацыя сілавікоў як у цэнтры, так і ў раёнах вакол маршруту Маршу.

***

На тэрыторыя кінастудыі «Беларусьфільм» заўважаныя аўтобусы з сілавікамі, паведамляе tut.by.

***

У 12.40 на ўваход і выхад зачыненыя станцыі метро Акадэмія навук, Парк Чалюскінцаў і Маскоўская. Цягнікі ідуць без прыпынку на дадзеных станцыях. Рашэнне прынята «ў мэтах забеспячэння бяспекі пасажыраў», паведамляе Мінскі метрапалітэн.

***

З праспекта Незалежнасці ў бок вуліцы Валгаградскай павярнулі аўтазакі і мікрааўтобусы. Вялікая калона тэхнікі і вадамёт накіраваліся на вул. Каліноўскага. Актыўнасці сілавікоў заўважаныя і каля стэлы на праспекце Пераможцаў.

Як звычайна, у дзень масавых акцый у Менску ўзніклі праблемы з мабільным інтэрнэтам, паведамляе nashaniva.by.

Г.зн. LTE-сувязь ва ўсіх трох аператараў як мінімум часткова адсутнічае, праз 3G загрузка таксама можа не адбывацца. Гэта значыць, што вэб-сайты не адкрываюцца (або даводзіцца чакаць па некалькі хвілін), паведамленні ў месенджарах не прыходзяць і не адпраўляюцца, медыя-файлы ў іх не прагружаюцца.

У такіх выпадках аператары кажуць, што доступ абмяжоўваецца ў рамках «мерапрыемстваў, якія праводзяцца ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі».

Беларускае Радыё Рацыя