Менск – Вашынгтон: сустрэча з другой спробы



Падчас суботняга візіту ў сталіцу Беларусі дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. На яе не запрасілі апазіцыйных палітыкаў. Аднак Пампэа паспеў пакамунікаваць з праваабаронцамі Алесем Бяляцкім, Сяргеем Драздоўскім, Алегам Гулакам, а таксама з былой дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў, старшынёй Таварыства беларускай мовы Аленай Анісім.

Апошняя падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы з Беларускім Радыё Рацыя:

РР: Наколькі загадзя Вы ведалі пра тое, што Вы сустрэнецеся з дзяржсакратаром ЗША?

– Я ведала і перад першапачатковым візітам Пампеа, які планаваўся ў снежні, але сарваўся з-за падзеяў у Іране. Я ўжо тады мела папярэдняе запрашэнне на гэтую сустрэчу. Калі рыхтавалася другая сустрэча, канешне, больш сціслымі тэрмінамі, у тым ліку і яго прабыванне тут, у Беларусі, я таксама была запрошана. І вельмі хутка рыхтавалася гэтая сустрэча, тым не менш яна прайшла амаль што ў запланаваным фармаце. Накладкі пэўныя адбыліся з-за таго, што крыху пазней самалёт прыляцеў у Беларусь з-за ўмоў надвор’я, з-за таго, што зрушыўся графік сустрэч з Аляксандрам Лукашэнкам. Адпаведна гэта пацягнула за сабой яшчэ нейкія змены, але тым не менш наша сустрэча грамадзянскай супольнасці з дзяржсакратаром ЗША не была адмененая, а прайшла, хоць і ў дастаткова кароткім фармаце.

РР: Паўгадзіны, так? Якую інфармацыю вы паспелі данесці да дзяржсакратара?

– Так. Мы сышліся на тым, у гэтым наша пазіцыя і пазіцыя грамадзянскай супольнасці супадаюць, што сёння самая важная праблема, самае вялікае пытанне, скажам, якое хвалюе большасць грамадзян Беларусі ў сувязі з падзеямі ва Украіне, з Крымам і далейшых заявах палітычнага кіраўніцтва Расеі, гэта, канешне, захаванне незалежнасці Беларусі. Таму мы данеслі гэты наш пасыл. Я, канешне, акцэнтавала пытанне на тым, што беларуская мова з’яўляецца адным з вельмі важных чыннікаў захавання незалежнасці і развіцця, але беларуская мова з’яўляецца і вельмі важным пытаннем. І, канешне, распавяла пра тое, што ў абарону незалежнасці грамадскасць выступала і ў 2000 годзе, склікаючы сход, у 2014, калі мы склікалі Кангрэс у абарону незалежнасці, і ў 2019, калі напрыканцы года ў снежні прайшлі мітынгі ў абарону незалежнасці Беларусі.

РР: Як вы ацэньваеце тое, чаму не запрасілі беларускіх палітыкаў (прадстаўнікоў партый) на гэтую сустрэчу?

– Думаю, што іх не запрашалі з той пазіцыі, што ў іх ёсць, напэўна, іншыя магчымасці данесці свой голас, а грамадзянская супольнасць застаецца заўсёды за кадрам. Як правіла больш размаўляюць з палітыкамі, а з грамадзянскай супольнасцю менш. Але тым самым дзяржсакратар прадэманстраваў добрае веданне нашай сітуацыі і хацеў тым самым падтрымаць грамадзянскую супольнасць у яе дзеяннях у змаганні за незалежнасць.

РР: Ці ёсць знакавым выказванне кіраўніка Міністэрства замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, што Беларусь сапраўды не з’яўляецца абсалютна ідэальнай краінай у сферы правоў чалавека?

– Уладзімір Макей – гэта, безумоўна, дыпламат, гэта чалавек, які мае вялікі досвед працы ў сістэме дзяржаўнага кіраўніцтва пры Аляксандру Лукашэнку, таму ён з аднаго боку хоча паказаць, што мы імкнемся да дэмакратыі, а з іншага боку ён не можа сказаць, што мы ідэальныя ў гэтым плане.

РР: Адна з самых рэзанансных заяваў ад Майкла Пампеа тычылася таго, што ЗША могуць цалкам забяспечыць Беларусь нафтай. На Вашую думку, ці пагодзіцца дзейсны рэжым на такую спакуслівую прапанову?

– Самае галоўнае, што гэта быў пасыл. Пра тое, што Беларусь не застанецца ў ізаляцыі і не застанецца без падтрымкі, у першую чаргу гэта такая сімвалічная падтрымка, але яна вельмі важная. Я спадзяюся, што яе пачулі ўсе, каму яна адрасаваная.

РР: Апошняе пытанне датычыць Кангрэса за незалежнасць. Я чуў, што ёсць ідэі сумясціць яго з кангрэсам дэмсілаў?

– Пакуль што я такой ідэі не чула. Мы рыхтавалі яго незалежна ад пазіцый палітычных партый. У іх ёсць свае задачы ў звязку з палітычнай сітуацыяй і з выбарамі, а мы да гэтага не прывязаныя. Мы бачым пагрозу ў незалежнасці, мы разумеем, што аднымі вулічнымі акцыямі пратэсту гэтае пытанне не вырашыш, таму мы лічым, што павінен быць скліканы такі форум.

Усебеларускі кангрэс за незалежнасць плануецца правесці 15 сакавіка. А Кангрэс дэмакратычных сілаў пройдзе ў траўні. На ім будзе абвешчаны адзіны кандыдат ад апазіцыі на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах.

Гутарыў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя