Менск заявіў пра адмену абмежаванняў на колькасць супрацоўнікаў пасольства ЗША
Менск афіцыйна апавясціў Вашынгтон пра адмену абмежаванняў на колькасць супрацоўнікаў амерыканскага пасольства. Гэта адбылося 4 сакавіка на сустрэчы міністра замежных спраў Уладзіміра Макея з намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джорджам Кентам.
Абмежаванні дзейнічалі з 2008 года, калі адбыўся дыпламатычны скандал паміж дзвюма краінамі. Беларускі бок выказаў надзею, што іх адмена будзе спрыяць далейшай нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі, паведамляе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.
Суразмоўцы „абмеркавалі актуальны стан беларуска-амерыканскіх адносін і абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня”.
У 2008 годзе паміж Менскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне Злучанымі Штатамі санкцый у дачыненні да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. Тады ж Менск па патрабаванні беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт, а 30 з 35 супрацоўнікаў пасольства ЗША былі высланы з краіны. Апошнія дзесяць гадоў дыпламатычныя місіі ў абедзвюх краінах узначальваюць павераныя ў справах.
31 студзеня намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка заявіў у Вашынгтоне на пасяджэнні Атлантычнага савета, што працэс вяртання паслоў можа заняць месяцы, калі не гады.
Фото: МЗС Беларусі