Менская міліцыя адмовіла арганізатарам Дня Волі ў заключэнні дамовы



Ініцыятары адзначэння 103-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі сумняваюцца, што ўлады санкцыянюць супольную заяўку на святкаванне.

Арганізатарам святкавання Дня Волі ў Менску прыйшоў адмоўны адказ з міліцыі на іх просьбу заключыць дамову.

Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. У ГУУС Менскага гарвыканкаму аргументавалі сваю адмову тым, што на фоне пандэміі каронавірусу і заклікаў шэрагу «экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў» выходзіць на вуліцы правядзенне масавага мерапрыемства не ўяўляецца магчымым.

Апратэставаць рашэнне ў судзе да 25 сакавіка нерэальна праз абмежаваныя тэрміны, мяркуе Кастусёў, і гэта азначае, што афіцыйны дазвол гарвыканкаму заяўнікі наўрад ці атрымаюць.

9 сакавіка Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За свабоду» і грамадская арганізацыя БНФ «Адраджэньне» падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне шэсця і мітынгу, прысвечаных Дню Волі.

Ужо тады яны сутыкнуліся з нежаданнем асобных дзяржаўных структураў ісці насустрач. Так, атрыманне дазволу на масавую акцыю наўпрост прывязанае да пагадненняў на яго «абслугоўванне» з боку міліцыі, камунальнікаў і медыкаў. Насустрач пайшлі толькі апошнія.

Напярэдадні ў Менску затрымалі старшыню БСДП Ігара Барысава. Ён дастаўлены ў ізалятар на Акрэсціна і чакае суду паводле адміністрацыйнай справы, сутнасць якой паплечнікі ўдакладняюць.

Не шмат аптымізму і ў кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. У размове са Свабодай ён не выключыў, што наступным у ліку затрыманых можа апынуцца або ён, або іншы заяўнік Юрась Губарэвіч.

Раней старшыня Камітэту дзяржбяспекі Іван Церцель заяўляў, што спецслужбам вядома пра «спробы дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне» 25-27 сакавіка. У сваю чаргу намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў прыгразіў, што ўсялякія несанкцыянаваныя акцыі будуць жорстка спыненыя, як і падчас выбарнай кампаніі.

Незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі абвешчана 25 сакавіка 1918 году. Гэты дзень апаненты дзейнага рэжыму адзначаюць як Дзень Волі. На 100-гадовы юбілей улады дазволілі вялікі мітынг-канцэрт на пляцоўцы каля Опернага тэатру. У іншыя гады акцыі жорстка падаўляліся.

svabod1.azureedge.net