Менскі дыялог, на якім выступіць Уладзімір Макей, пройдзе 27-28 сакавіка



Першае афіцыйнае мерапрыемства, арганізаванае ў рамках экспертнай ініцыятывы Менскі дыялог, пройдзе 27-28 сакавіка.

У гэтыя дні ў беларускай сталіцы запланаваная міжнародная канферэнцыя “Еўразвяз, Расея і краіны Усходняй Еўропы: як пераадолець рознагалоссі?”. Галоўныя тэмы абмеркавання – будучыня Усходняга партнёрства, пошук агульнай асновы для Еўразвязу ды Еўразійскага эканамічнага саюзу, ды іншыя.

Адным з арганізатараў з’яўляецца “Ліберальны клуб”, эксперт якога Антон Болтачка кажа, што пакуль рана каментаваць гэтую падзею:

– Нам цікава паглядзець, як эсперты ацэньваюць увесь гэты ўзровень, не толькі нашыя, беларускія, але і замежныя. Я не хачу апярэджваць вынікі нашай канферэнцыі, мы самі іх, зразумела, не ведаем. Але мы спадзяемся, што гэта будзе не такі дыялог, у якім адказы ёсць загадзя, а гэта будзе дыялог, у якім адказы і нават новыя пытанні ставяцца ў час саміх дыскусій.

У праграме міжнароднай канферэнцыі запланаваныя выступы, між іншымі, міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, а таксама прадстаўніцы Еўразвязу ў Беларусі Майры Моры.

Ініцыятыва Менскага дыялогу накіравана на стварэнне экспертнай платформы ў фармаце “другога, няўрадавага, узроўню дыпламатыі”, – гаворыцца ў рэлізе да канферэнцыі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя