«Менскі дыялог» правядзе форум «Еўрапейская бяспека: адыйсці ад краю бездані»
7-8 кастрычніка ў беларускай сталіцы «Менскі дыялог» правядзе форум «Еўрапейская бяспека: адыйсці ад краю бездані».
«Тэма можа здацца занадта драматызаванай, але мы цяпер, улічваючы супрацьстаянне Расеі і Захаду, знаходзімся менавіта ў такой сітуацыі», — зазначыў на прэс-канферэнцыі ў Менску дырэктар Рады па міжнародных стасунках «Менскага дыялогу», палітолаг Яўген Прэйгерман. У размове з нашым радыё Прэйгерман нагадаў аб нядаўнім распадзе Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці.
– І фактычна гэта азначае, што Еўропа ўцягваецца ў гонку ўзбраення. Форум, нам падаецца, будзе насіць асабліва практычны характар. Фактычна ён стане першым месцам, дзе ў такім рэпрэзентатыўным фармаце – і амерыканцы, і расейцы, і прадстаўнікі Заходняй Еўропы, і Усходняй Еўропы, і Паўднёвага Каўказу – будуць абмяркоўваць гэтыя пытанні менавіта сутнасна. Разлічваем, што некаторыя рэкамендацыі, якія будуць, яны сапраўды будуць не такімі трывіяльнымі, як часцяком бывае на рознага кшталту такіх мерапрыемствах.
Арганізатары абяцаюць унікальны склад удзельнікаў мерапрыемства. У якасці спікераў у Менск прыбудуць былы камандуючы сухапутнымі войскамі ЗША ў Еўропе генерал Бен Ходжэс, экс-намеснік генсакратара НАТА Аляксандр Вершбоў, дырэктар Інстытута Еўропы Расейскай акадэміі навук Аляксей Грамыка і іншыя вядомыя персоны. Паводле палітолага Дзяніса Мельянцова, праграмнага каардынатара Рады па міжнародных стасунках «Менскага дыялогу», перамовы з уплывовымі палітыкамі і экспертамі яшчэ вядуцца.
– Мы маем цэлы шэраг такіх людзей, якія амаль пацвердзілі свой удзел. Зараз пакуль, на жаль, не можам адкрываць гэты спіс, але тым не менш будзем у бліжэйшы час інфармаваць. І гэта будуць вельмі цікавыя імёны. Некаторыя будуць добрым сюрпрызам.
Запрашэнне таксама накіраванае Аляксандру Лукашэнку, які адкрываў мінулы форум, і кіраўнікам шэрагу іншых дзяржаў. На форум таксама запрошаныя прадстаўнікі трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе.
Белрускае Радыё Рацыя