Менгарсуд пакінуў у сіле прысуды, абвешчаныя лідарам прафсаюза РЭП
Менскі гарадскі суд не задаволіў апеляцыйныя скаргі на прысуды, выстаўленыя лідарам незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), паведамляе belapan.by. Такое рашэнне прыняла 9 лістапада калегія суддзяў у складзе Сяргея Хрыпача, Любові Сімахінай і Пятра Арлова.
* * *
У Менскім гарадскім судзе падчас разгляду касацыйнай скаргі лідараў незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка абвешчаны перапынк. Заяўнікі лічаць, што суд Савецкага раёна Менска вынес «незаконны і неабгрунтаваны прысуд» па так званай «справе прафсаюзаў». Фядыніч і Комлік абскарджваюць прысуд, якім яны былі прызнаныя вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры і асуджаныя на чатыры гады «хатняй хіміі» з забаронай займаць кіроўныя пасады тэрмінам на пяць гадоў. З Менска перадае наш карэспандэнт:
– Выслуханыя былі адвакаты і самі абвінавачаныя, Фядыніч і Комлік. Усе довады былі за тое, што няма ніводнага арыгінальнага дакумента, які б указваў на іх вінаватасць, а толькі нейкія копіі, непадпісаныя і незавераныя, якія не могуць быць доказам, тым больш трэба спасылацца на міжнародныя дакументы, калі яны ў Беларусі ратыфікаваныя, і яны маюць большую сілу. Але пракурор выступіла і сказала, што доказнай базы хапае, а на міжнародныя дакументы няма чаго спасылацца, трэба свае дакументы выконваць, беларускія. Суддзі сядзелі з сумным выглядам і думалі, чаго так шмат гавораць абвінавачаныя і іх абаронцы. Адчуваецца, што ўсё ў іх ужо гатовае, яны толькі робяць выгляд, што нешта тут будуць вырашаць. Аб’явілі перапынак да 15 гадзін.
* * *
У Менскім гарадскім судзе пачаўся разгляд касацыйнай скаргі лідараў незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Яшчэ за паўгадзіны да пачатку паседжання каля будынку суда пачалі збірацца прадстаўнікі СМІ, праваабаронцы, актывісты і неабыякавыя грамадзяне.
На думку праваабароныцы Леаніда Судаленкі, спадзяванняў на тое, што суд разгледзіць скаргу на карысць лідараў прафсаюза РЭП, няма:
– Гэта справа цалкам носіць палітычны характар. Таму цяжка сказаць, які сёння будзе вынік, і ці будзе ён сёння, ці адкладуць. Таму што ўлада бачыць, што гэта даволі рэзанансная справа. Давайце ўспомнім, калі на суд прыходзіла столькі шмат людзей. Тут я бачу больш чым сто чалавек. Таму ўлада, канешне, і з улікам грамадскага меркавання будзе вырашаць, што далей рабіць з гэтай справай.
У судзе старшынствуе суддзя Сяргей Хрыпач. Ад пракуратуры – Герасімовіч. У залі каля 100 чалавек. Сярод іх праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Зміцер Салаўёў, Валянцін Стэфановіч, Васіль Завадскі.
Таксама прысутнічаюць прадстаўнікі амбасадаў ЗША, Велікабрытаніі, Літвы, Чэхіі.
Як распавяла наша карэспандэнтка, якая зараз знаходзіцца каля будынка суда, лідараў прафсаюза прыехала падтрымаць шмат сяброў і прыхільнікаў прафсаюзу РЭП з рэгёнаў Беларусі.
Не ўсіх упусцілі ў залу суда.
На дадзены момант абвешчаны кароткі перапынак.
– Зараз зрабілі перапынак. Людзі выйшлі, бо патрэбна 40 хвілін для таго, каб азнаёміцца адвакатам з новымі дакументамі, якія з’явіліся ў справе. І вось усіх выгналі з судовай залы. Цяпер тут не прабіцца. Канешне, людзі абураюцца, бо 100 чалавек было ў зале і 30 каля дзвярэй. Але, як бачым, зрабілі, як заўсёды, як і мінулым разам, калі быў суд.
Нагадаем, што заяўнікі Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік лічаць, што суд Савецкага раёна сёлета ў жніўні абвясціў «незаконны і неабгрунтаваны прысуд» па так званай «справе прафсаюзаў». Абодва актывісты просяць гарадскі суд «прысуд адмяніць і крымінальную справу спыніць». І Фядыніч, і Комлік выклалі свае пярэчанні і аргументы на сваю карысць на 10 старонках апеляцыйнай скаргі.
* * *
Сёння а 10-й гадзіне Менскі гарадскі суд пачне разгляд касацыйнай скаргі лідараў незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Заяўнікі лічаць, што суд Савецкага раёна сталіцы 24 жніўня 2018 года аб’явіў «незаконны і неабгрунтаваны прысуд» па так званай «справе прафсаюзаў». Фядыніч і Комлік абскарджваюць прысуд, якім яны былі прызнаныя вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры і асуджаныя на чатыры гады «хатняй хіміі» з забаронай займаць кіроўныя пасады тэрмінам на пяць гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ПЦ „Вясна”