Менскія пагадненні вачыма ўкраінскага франтавіка



16 лютага 2015 года прадстаўнікі Украіны і непрызнаных ДНР і ЛНР падпісалі ў  Менску пакет пагадненняў, якія павінны былі замарозіць вайну на Усходзе Украіны. Згодна гэтых дамоваў, украінскія вайскоўцы і сепаратысты забавязаліся адвесці на 50 кіламетраў ад лініі фронта цяжкую бронетэхніку і артылерыю, а таксама спыніць агонь. Пагадненні прадугледжвалі маніторынг сітуацыі з боку АБСА, а таксама правядзенне выбараў у Данецкай і Луганскай абласцях.

Але ці выконваюцца тыя пагадненні насамрэч? Як адбываецца міжнародны маніторынг у зоне Антытэрарыстычнай аперацыі? Што думаюць ва Украіне пра тых беларусаў, якія ваююць на баку самаагалошаных ДНР і ЛНР?

vykananne_menskih_pahadnenniau-1

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з украінскім добраахвотнікам Юнісам Аскеравым, які колькі дзён таму вярнуўся з фронта.

Юніс Аскераў: Пасёлак Водзіна Данецкай вобласці, Ясінаватаўскага раёна – гэта акурат блізка знакамітага Данецкага аэрапорта. На нашых пазіцыях стаяла 93-ая брыгада, побач пазіцыі трымалі хлопцы з дабравольчага батальёна “АУН”.

РР: Якая там цяпер сітуацыя? Страляюць, не страляюць? Ці выкарыстоўваецца забароненая менскімі пагадненнямі зброя – цяжкія мінамёты і буйнакаліберная артылерыя, “Грады”, “Ураганы”?

Юніс Аскераў: Сепаратысты страляюць ад рана да рана! Мінамёты – што 82-га калібра, што 120-га. Таксама і артылерыя. Разоў пяць ці шэсць асабіста я бачыў, як працуюць танкі. Дарэчы, тыя танкі чамусць найчасцей страляюць не па нашых пазіцыях, а менавіта па Данецку.

РР: Маеце на ўвазе менавіта танкі сепаратыстаў?

Юніс Аскераў: Менавіта!

РР: А нашто ім страляць па Данецку?

Юніс Аскераў: Падазраю, што менавіта ў тыя моманты ў Данецку знаходзяцца назіральнікі АБСЕ, і сепарам выгодна нас звінаваціць у парушэнні “менскага фармату”.

РР: Ці даводзілася вам там бачыць людзей з АБСЕ?

Юніс Аскераў: Так атрымалася, што нашыя пазіцыя былі найгарачэйшымі. 300, 500, 600 метраў да ворага.  Так што ніякія назіральнікі да нас не трапляюць: увесь час ідуць шчыльныя абстрэлы з боку сепаратыстаў. А так, па радыёэфіры я рэгулярна чую – маўляў, едзе машына АБСЕ, не страляйце. Справа ў тым, што калі з’яўляецца незнаёмая машына і набліжаецца на адлегласці 400 метраў, мы павінны адкрываць па ёй агонь у мэтах уласнай бяспекі.

РР: За той час, што вы былі ў зоне Антытэрарыстычнай аперацыі, ці былі загіблыя і параненыя з украінскага боку?

Юніс Аскераў: З маёй роты – трое “трохсотых”, то бок параненых, А на мінулай ратацыі было адзін “двухсоты” (забіты – РР) і двое “трохсотых”. Адзін быў паранены сепарскім снайперам, а яшчэ адзін паранены і забіты – мінамётная міна 120 калібра.

РР: То бок зброя, якая акурат менскімі пагадненнямі і забароненая… На ваш погляд, нейкая карысць ад гэтых менскіх пагадненняў ёсць?

Юніс Аскераў: Не думаю. У нас падае маральны дух. Чаму? Па нас страляюць, а мы тымі дамовамі звязаныя і не можам адказаць сепарам.  Гэта дэмаралізуе. Нашыя хлопцы ўсе на нервах і ледзьве вытрымліваюць. Але ж калі на нас ідзе жорсткая атака, з танкамі, калі па нашых пазіцыях страляюць з усіх ствалоў – мы, натуральна, адказваем. Тады сепаратысты самі выходзяць у эфір – маўляў, хлопцы, перастаньце, давайце прытрымлівацца менскіх пагадненняў, мы больш абстрэльваць вашыя пазіцыя не будзем. Сепаратысты проста цяпер не гатовыя надалей ваяваць. Так што, на мой погляд, калі б увялі вайсковы стан і далі б каманду пайсці ў наступ, мы бы вельмі хутка тую вайну скончылі. Каб наша армія не сядзела ў акопах, а актыўна дзейнічала. Крыху дэмаралізаваныя, падкрэсліваю, і мы, і сепаратысты. Але ў нас ёсць за што ваяваць – за нашу зямлю. Нас падтрымлівае народ, і таму з нас больш шанцаў на перамогу. Што да “менскіх пагадненняў”… Я не хачу прамаўляць слова “здрада”, таму што проста стаміўся яго чуць. Гэта проста знявага інтарэсаў украінскага народа. Мяркую, што нашыя дзяржаўныя кіраўнікі маюць тут нейкія карысныя мэты. Дый палітыкі з Еўразвязу, падазраю, не хочуць пагадзіцца, каб Украіна распачала актыўныя баявыя дзеі. Чаму? Гэта стане нагодай для актыўных баявых дзеяў у іншых месцах на постсавецкай прасторы.

РР: Можа, вам даводзілася бачыць сярод палонных тых беларусаў, якія ваююць на баку ДНР і ЛНР?

Юніс Аскераў: Сапраўдныя беларусы ваююць на баку Украіны. Даводзілася бачыць сярод палонных людзей, якія саманазываліся беларусамі. Але ж ніякія яны не беларусы. Гэта ці наркаманы, ці алкаголікі, ці тыя, хто пайшоў вайваць за нейкую імперскую ідэю ці за грошы. Я не магу сказаць, што гэта нейкая асобная нацыя…

РР: Якая перспектывы заканчэння вайны на Данбасе і ці ёсць яны ўвогуле ў цяперашняй сітуацыі?

Юніс Аскераў: Цяпер заканчэнне вайны амаль немагчымае. Маем перад вачыма прыклады таго ж Прыднястроўя, Паўднёвай Асеціі… Замарожаныя канфлікты, якія ў кожны момант можна аднавіць. Адзінае выйсце – поўнамасштабная вайсковая аперацыя, і толькі так!

РР: А ці мае цяперашняя Украіна сілы на такую аперацыю?

Юніс Аскераў: У 2014 годзе, калі пачалася анексія Крыма, у нас нават не было, чым і за што да таго паўвострава даехаць. Цяпер украінская армія і прафесійная, і боездатная, і тэхнічна аснашчаная. Так што, думаю, праблем вярнуць нашу зямлю не будзе.

Ва Украіне “менскі фармат” крытыкуюць прадстаўнікі  самых розных палітычных сілаў. Найбольш спрэчным пунктам украінскія палітыкі бачаць “правядзенне выбараў у Данецкай і Луганскай абласцях”, якія, на іх думку, немагчымыя, пакуль сепаратысты і армія Расейская Федэрацыі кантралюе гэтыя ўкраінскія тэрыторыі.

vykananne_menskih_pahadnenniau_2

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя