Менскія перамовы – афіцыйнае прыкрыццё расейскай агрэсіі
Саветнік старшыні Савета бяспекі Украіны Маркіян Лубкіўскі выключае магчымасць правядзення паўторных перамоў кантактнай групы ў Менску. Ці маглі б новыя перамовы паўплываць на ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне? Пра гэта распавядае палітолаг Андрэй Фёдараў.
„Мінска-2 не будзе. У нас ёсць Мінск-1 і тыя дамоўленасці, якія трэба выконваць, якія Украіна спраўна выконвае і не выконваюць тэрарысты”, – сказаў спадар Лубкіўскі ў эфіры тэлеканала 1+1, паведамляе ўкраінскае агенцтва УНІАН.
У сваю чаргу пасол па асобных даручэннях Міністэрства замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба адзначыў, што ў МЗС гатовыя працягваць трохбаковы фармат перамоў, але толькі ў частцы выканання ўмоў пакета дамоўленасцяў, якія падпісалі і абавязаліся выконваць баевікі і Расея.
Андрэй Фёдараў: Малаверагодна, што чарговыя перамовы ў Менску нешта далі б, бо мы бачым сітуацыю ва Украіне, як бачым і тое, што мінулыя дамоўленасці на самай справе не выконваюцца. Расея ўводзіць ці збіраецца ўвесці ва Украіну вялікую колькасць сваіх войскаў, таму я разумею кіеўскае кіраўніцтва. Менскія перамовы будуць усяго толькі афіцыйным прыкрыццём агрэсіі. Імі Маскву не спыніць.
РР: Якімі вам бачацца асноўныя вынікі мінулых перамоваў у беларускай сталіцы?
Андрэй Фёдараў: Да гэтага была паўнамасштабная вайна ва Украіне, а пасля перамоўнага працэсу ваенныя дзеянні крыху сціхлі і паменшылася колькасць ахвяраў. Гэта плюс. Аднак жа ў цэлым праблему не вырашылі і, мяркуючы па ўсім, вырашыць не могуць, бо ў бакоў абсалютна розныя падыходы.
РР: Чаму не выконваюцца менскія дамоўленасці? Вінаваты абодва бакі?
Андрэй Фёдараў: Мне здаецца, што асноўная віна ляжыць на Расеі, бо менавіта яна падтрымлівае сепаратыстаў. Думаю, ні ў каго няма сумненняў, што, калі б не Крэмль, то з імі даўно ўжо разабраліся б. Хоць, не выключаю, што і ўкраінскі бок у нейкіх момантах парушаў дамоўленасці. Вымушана альбо не – ужо іншая справа. Гэта ўжо следства расейскай агрэсіі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя