Мэр Бучы: Акупанты забілі кожнага пятага жыхара, які застаўся ў горадзе



„Расейскія акупанты замучылі і забілі фактычна кожнага пятага жыхара Бучы, які застаўся ў акупаваным горадзе”, – паведаміў мэр Анатоль Федарук у інтэрв’ю Дзмітрыю Гардону. Асабліва цяжкія злачынствы — гэта групавыя згвалтаванні і забойствы дзяцей. Яны таксама былі і ў Бучы, і ў Ворзелі. Да вайны ў Бучы жылі каля 36 тысяч чалавек.

Федарук адзначыў, што зараз Буча – гэта мёртвы горад. За некалькі дзён, як дадаў мэр, там удалося крыху навесці парадак пасля акупацыйных расейскіх войскаў.

У нядзелю начальнік паліцыі Кіеўскай вобласці паведаміў, што на эксгумацыю было адпраўлена больш за 420 цел загінулых, але агульная колькасць загінулых вышэйшая.

Пасля вызвалення гораду Буча, што пад Кіевам, 2 красавіка фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі.

Фота: скрыншот з відэа ua.news