„Мера цынізму”
Ці ёсць мяжа расейскай подласці і жорсткасці? З моманту падрыву Кахоўскай ГЭС, чым была справакавана каласальная тэхнагенная катастрофа, прайшло некалькі дзён. Расейскае войска працягвае абстрэльваць эвакуацыйныя гуманітарныя калоны, штодня ад артылерыйскіх удараў траўміруюцца і самі пацярпелыя ад катастрофы, і ратаўнікі, і валанцёры.
Апошнія працуюць увогуле на мяжы чалавечых магчымасцяў — бо выратаваць трэба не толькі людзей, але і жывёл. Цягам першай гадзіны пасля катастрофы ў Новай Кахоўцы быў затоплены заапарк, які знаходзіўся за паўтара кіламетра ад ГЭС. Акупацыйныя ўлады не дазволілі эвакуаваць 200 жывёлаў, яны загінулі. Затое расейскія СМІ гэтую тэму неадкладна цынічна абыгралі. Адны сцвярджалі, што такога заапарка насамрэч няма, іншыя – што жывёл эвакуіравалі ў Крым, далей ад «укранацыстаў».
І, натуральна, суправадзілі дадзеную інфармацыю агідным каментаром: „Хочаш выціснуць слязу з чалавека, раскажы яму гісторыю пра горкую долю дзяцей ці звяроў — дзейнічае безадмоўна”. Хоць, насамрэч, цягам года супрацоўнікі заапарка спрабавалі вывезці жывёл на падкантрольную Украіне тэрыторыю, але гэта аказалася немагчымым з-за замініраваных дарог. На думку акупацыйных уладаў і іх марыянетачных СМІ, трагедыя заапарка стала хітом украінскай інфармацыйнай прасторы.
Мусіць, як і штодзённыя чалавечыя трагедыі. Само ж Кахоўскае вадасховішча зараз ператварылася ў лужыны. Але акупанты не абмежаваліся гэтым экалагічным злачынствам: таксама ўзарваныя невялікія дамбы ў Запарожскай вобласці, каб уладкаваць у рэгіёне лакальныя «Кахоўкі». Прычыны відавочныя – баяцца ўкраінскага контрнаступлення і імкнуцца любымі спосабамі абцяжарыць прасоўванне ВСУ. А вось псіхалагічная апрацоўка суграмадзян у выкананні артыстаў гутарковага жанру – гэта „фішка” выключна расейскіх СМІ. І ў якіх адзінках можна вымераць цынізм?
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя