Меркель і Парашэнка плануюць перамовы ў „нармандскім фармаце”
Прэм’ер-міністр самаабвешчанай „Данецкай народнай рэспублікі” Аляксандр Захарчанка выставіў Кіеву ўльтыматум – перамовы з украінскімі ўладамі пачнуцца толькі пасля прызнання незалежнасці ДНР.
Украінскія ўлады патрабуюць ад сепаратыстаў скласці зброю і гарантаваць адкрыццё межаў.
Стала вядома, што канцлер Нямеччыны Ангела Меркель і прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка плануюць сустрэчу па ўрэгуляванні канфлікту ва ўсходняй Украіне ў гэтак званым „нармандскім фармаце”.
Ці вераць у Кіеве ў магчымасць завяршэння вайны дыпламатычным шляхам, каментуе журналіст з Кіева Паўло Зубюк:
– Зараз ва Украіне ўсе грамадзяне разумеюць, што насамрэч Пуціна могуць спыніць толькі вельмі жорсткія крокі з боку Еўразвяза, якія непасрэдна закранаюць інтарэсы Пуціна і блізкіх да яго людзей. У выпадку калі вайна будзе працягвацца, то Украіна атрымае ў тым ліку і вайсковую дапамогу ад краінаў Еўразвяза. Калі на гэтых перамовах будуць дамоўленасці агульнымі словамі пра тое, што асуджаецца гвалт, патрэбны мір, то гэта ні да чаго добрага не прывядзе.
Раней кіраўнік МЗС Украіны Паўло Клімкін, камэнтуючы вынікі чатырохбаковай сустрэчы па сітуацыі на ўсходзе Украіны, якая адбылася ў Берліне 17 жніўня, заявіў, што спыненне агню на Данбасе магчыма толькі пасля ўсталявання кантролю над мяжой, забеспячэнні працы назіральнікаў АБСЕ і вызвалення закладнікаў.
Антытэрарыстычная аперацыя на Данбасе працягваецца з красавіка.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя