Меркель і Пуцін другі раз за апошнія два дні абмеркавалі міграцыйны крызіс
Выканаўца абавязкаў канцлера Германіі Ангела Меркель і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін другі раз за апошнія два дні абмеркавалі міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з краінамі Еўрасаюза.
„Працягнута абмеркаванне становішча на межах Беларусі з краінамі Еўрасаюза. Пацверджана важнасць найхутчэйшага ўрэгулявання вострага міграцыйнага крызісу ў адпаведнасці з міжнароднымі гуманітарнымі нормамі. Уладзімір Пуцін выказаўся на карысць аднаўлення кантактаў паміж дзяржавамі ЕС і Беларуссю ў мэтах вырашэння гэтай праблемы”, — гаворыцца ў рэлізе прэс-службы Крамля.
Прэс-сакратар урада ФРГ Штэфэн Зайберт паведаміў, што Меркель і Пуцін абмяняліся думкамі аб цяперашняй сітуацыі на беларуска-польскай мяжы. „Федэральны канцлер падкрэсліла, што бяззбройныя людзі выкарыстоўваюцца рэжымам Беларусі ў гібрыднай агрэсіі супраць Еўрапейскага саюза”, — сказаў Зайберт.
Днём раней, 10 лістапада, Крэмль заявіў, што падчас гутаркі Пуціна і Меркель „падрабязна разгледжана сітуацыя з бежанцамі на межах Беларусі з краінамі ЕС”, „выказана заклапочанасць гуманітарнымі наступствамі міграцыйнага крызісу”, „прэзідэнт Расіі прапанаваў наладзіць абмеркаванне ўзніклых праблем у непасрэдных кантактах прадстаўнікоў краін — членаў Еўрасаюза з Мінскам”. Бакі „дамовіліся працягнуць размову на гэту тэму”. Адзначалася, што размова адбылася па ініцыятыве Берліна. Па чыёй ініцыятыве перамовы працягнуліся на наступны дзень, Крэмль не ўдакладніў, аднак, зыходзячы са слоў Зайберта, патэлефанавала Меркель.
„Федэральны канцлер падкрэсліла, што выкарыстанне беларускім рэжымам мігрантаў супраць Еўрапейскага саюза бесчалавечнае і зусім непрымальнае, і папрасіла расійскага прэзідэнта паўплываць на рэжым у Мінску”, — паведаміла канцылярыя Меркель па выніках першай размовы.
У той жа дзень в.а. канцлера назвала мігрантаў, якія прыбылі ў Беларусь, „ахвярамі чалавеканенавісніцкай палітыкі”. Заява была зроблена перад пачаткам перамоў з прэм’ер-міністрамі Латвіі і Партугаліі. Меркель падзякавала Латвіі, Літве і Польшчы за ахову знешняй мяжы ЕС. „Вы ўсе бачыце фатаграфіі, якія выклікаюць занепакоенасць. Я сёння стэлефаноўвалася з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным і папрасіла паўплываць на прэзідэнта Лукашэнку. Тут выкарыстоўваюцца людзі, яны, з дазволу сказаць, ахвяры чалавеканенавісніцкай палітыкі, і супраць гэтага трэба нешта рабіць”, — сказала в.а. канцлера.
Фота: eer.ru