Меркель салідарная з Польшчай па сітуацыі на мяжы з Беларуссю
Выканаўца абавязкаў канцлера ФРГ Ангела Меркель і прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі абмеркавалі крызіс з бежанцамі на ўсходніх межах Еўразвязу. Пра гэта паведаміў прадстаўнік германскага Кабінета міністраў Штэфэн Зайберт.

Паводле яго слоў, бакі дамовіліся ўзгадняць дзеянні ва ўмовах „сітуацыі, на знешніх межах супольнасці якая выклікае непакой”. „Канцлер указала на поўную салідарнасць з Польшчай”, — гаворыцца ў паведамленні.
Напярэдадні Меркель таксама мела чарговую тэлефонную размову з Лукашэнкам. Як паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка, яны дамовіліся вынесці праблему на ўзровень Беларусі і Еўразвязу.
Меркель перадала Лукашэнку просьбу старшыні Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен, каб у працэсе абавязкова ўдзельнічалі міжнародныя арганізацыі, якія займаюцца праблематыкай бежанцаў і мігрантаў. Паведамляецца, што Меркель і Лукашэнка дамовіліся пра далейшыя кантакты.
