Меркель: Спадзяюся, што Расея не пойдзе на выкарыстанне ў Беларусі рэзерву сваіх сілавікоў
Канцлер Федэратыўнай Рэспублікі Германія Ангела Меркель спадзяецца, што Расея не пойдзе на выкарыстанне ў Беларусі сфармаванага ёю рэзерву сілавікоў. Пра гэта яна заявіла на прэс-канферэнцыі 28 жніўня ў Берліне.
„Я спадзяюся, што справа не дойдзе да выкарыстання такіх сіл”, — цытуе канцлера ТАСС.
Паводле яе слоў, грамадзяне Беларусі, якія выйшлі на вуліцы, змагаюцца за права свабодна выказваць сваё меркаванне. „Яны павінны мець магчымасць рабіць гэта самастойна, без умяшання звонку”, — падкрэсліла канцлер ФРГ.
„Я абмяркоўвала з расейскім прэзідэнтам тое, што як раз датычна Беларусі павінен захоўвацца суверэнітэт краіны”, — дадала Меркель.
27 жніўня ў інтэрв’ю тэлеканалу „Россия 1” Пуцін паведаміў, што на просьбу Аляксандра Лукашэнкі ў Расеі сфармаваны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў для дапамогі Беларусі.
„Аляксандр Рыгоравіч папрасіў мяне сфармаваць пэўны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў. І я гэта зрабіў, — заявіў ён. — Але мы дамовіліся таксама, што ён не будзе выкарыстаны да таго часу, пакуль сітуацыя не будзе выходзіць з-пад кантролю. Да таго часу не будзе выкарыстоўвацца, пакуль экстрэмісцкія элементы, прыкрываючыся палітычнымі лозунгамі, не пяройдуць пэўных межаў і не распачнуць наўпрост разбой, не пачнуць падпальваць машыны, дамы, банкі, спрабаваць захопліваць адміністрацыйныя будынкі і гэтак далей”.
Паводле слоў Пуціна, у размове з Лукашэнкам яны прыйшлі да высновы „аб тым, што цяпер такой неабходнасці няма”. „І, спадзяюся, яе не будзе, таму гэты рэзерв мы не выкарыстаем”, — дадаў ён. Расейскі прэзідэнт падкрэсліў: ён зыходзіць з таго, што ўсе ўзніклыя ў Беларусі праблемы будуць вырашацца мірным шляхам.
28 жніўня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў журналістам у Маскве, што ацэньвае колькасць расійскіх сілавікоў у рэзерве для Беларусі як „досыць разумную”. Паводле яго слоў, рэзерв складаецца з тых часцей, „якія ў выпадку апошняй неабходнасці змогуць перашкодзіць экстрэмісцкім дзеянням у рэспубліцы”. З якіх менавіта сілавых структур сфармаваны рэзерв, ён тлумачыць адмовіўся.
Пяскоў дадаў: Пуцін зыходзіць з таго, што рэзерв праваахоўнікаў для Беларусі не будзе выкарыстаны, і Менск не сутыкнецца з негатыўным развіццём сітуацыі. „Тут важна даваць сабе справаздачу (і прэзідэнт гэта падкрэсліў), што гэта менавіта рэзерв, і няма ніякай неабходнасці яго задзейнічаць. Прэзідэнт Пуцін зыходзіць з таго, што ён ніяк не будзе выкарыстаны. І мы зыходзім з таго, што з такой апошняй сітуацыяй Беларусь не сутыкнецца”, — заявіў прадстаўнік Крамля.
Ён мяркуе, што гатоўнасць Расеі накіраваць у Беларусь рэзерв праваахоўнікаў ніяк не адаб’ецца на стасунках паміж расейцамі і беларусамі: „Ніякім чынам. Расея як не ўмешвалася, так і не ўмешваецца ў беларускія справы”.