Мэрыя Вільні вывесіла бел-чырвона-белы сцяг на плошчы
25 траўня Віленскае самакіраванне вывесіла бел-чырвона-белы сцяг на плошчы каля будынка мэрыі.
«Гэта стаўленне горада і мэра горада да падзеяў у Беларусі, калі самалёт здзейсніў прымусовую пасадку, і, у прынцыпе, быў здзейснены «тэракт»», – заявіў BNS прэс-сакратар мэра Вільні Кароліс Вайткявічус.
Вайткявічус дадаў, што такім чынам мэрыя выказала салідарнасць з Рыгай, якая замяніла чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы каля гатэлю, дзе жывуць удзельнікі чэмпіянату свету па хакеі.
Мэр Рыгі і міністр замежных спраў Латвіі замянілі сцяг учора. Беларусь выслала з краіны амбасадара і ўсіх супрацоўнікаў амбасады, акрамя аднаго. Латвія адказала сіметрычна.
Старшыня Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазэль назваў замену сцяга непрымальным і папрасіў прыбраць сцягі чэмпіянату свету і IIHF з тых месцаў, дзе ў Рызе памянялі сцягі. Мэрыя Рыгі зняла сцягі IIHF.