Агляд прэсы: Зірнуць у корань



Беларускі саюзнік Пуціна папярэджвае, што ў яе ёсць «усе падставы» для нападу на краіну NATO. Вайна на Блізкім Усходзе: Ізраіль пашырае наступ. Нападкі Эрдагана на Ізраіль. Гішпанія: скандал з гвалтам у царкве і сотні тысяч ахвяр. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Першы намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі Беларусі Павал Муравейка нядаўна заявіў, што ў краіны будуць «усе падставы» для нападу на Літву, свайго паўночна-заходняга суседа і члена Арганізацыі Паўночнаатлантычнага альянсу (НАТА). Былая рэспубліка Савецкага Саюза, Беларусь заставалася верным саюзнікам Расеі на працягу дзесяцігоддзяў, з’яўляючыся членам яе альтэрнатыўнага НАТО міжурадавага альянсу, Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), і прапаноўваючы шырокую дапамогу падчас працяглага ўварвання Масквы ва Украіну», – піша амерыканская газета The Newsweek.

«Нядаўна Літва пачала ўводзіць санкцыі за паездкі ў дачыненні да Беларусі. Гэта ўключала закрыццё некаторых памежных пунктаў і спыненне выдачы турыстычных віз беларускім падарожнікам. Літва забяспечвае самы прамы шлях з Беларусі ў Калінінградскую вобласць, расейскую тэрыторыю на Балтыйскім моры, размешчаную паміж Польшчай і Літвой. Муравейка заявіў, што ў адказ на гэтае спыненне транспарту Беларусь павінна мець «поўнае права» ўжыць сілу супраць Літвы. У выпадку, калі Беларусь распачне нейкія ваенныя дзеянні супраць Літвы, сітуацыя можа хутка абвастрыцца з-за членства краіны ў НАТА. Артыкул 5 НАТА абвяшчае, што напад на адну краіну-члена з’яўляецца нападам на ўсіх, і што іншыя члены аказваюць ваенную дапамогу члену, які падвяргаецца нападу. Аналагічная норма ёсць і ў пагадненні паміж Расеяй і Беларуссю аб АДКБ», – піша амерыканскае выданне.

У мінулыя выходныя ізраільскае войска ўзмацніла свае наземныя аперацыі ў сектары Газа. Прэм’ер-міністр Нетаньяху заявіў аб тым, што пачалася «другая фаза». Мэта – знішчэнне ваеннай і палітычнай інфраструктуры радыкальнай ісламскай групоўкі ХАМАС, якая 7-га кастрычніка напала на Ізраіль, забіўшы за адзін дзень звыш 1400 чалавек. Прэса з трывогай піша аб магчымым развіцці падзей у рэгіёне. «Ёсць два сцэнары, якія могуць прывесці да пашырэння канфлікту з удзелам Ірана», – піша рымская газета La Repubblica.

«Па-першае, эскалацыя канфлікту ў сектары Газа з масавай бойняй і/або выгнаннем большай часткі насельніцтва на тэрыторыю Сіная. У такім выпадку Хезбала наўрад ці будзе сядзець склаўшы рукі. У адказ Ізраіль увойдзе на тэрыторыю Лівана, што прымусіць Тэгеран выбіраць адзін з двух сцэнарыяў: знішчэнне сваіх непасрэдных марыянетак у рэгіёне – ці ўмяшанне з мэтай іх абароны. Вашынгтон можа ўмяшацца, для таго каб абараніць Ізраіль. Па-другое, могуць узмацніцца іранскія атакі на амерыканскую інфраструктуру, у першую чаргу ў Іраку і Сірыі. Байдэн у такім выпадку, магчыма, быў бы змушаны паказаць міру, што ЗША па-ранейшаму гуляюць першую скрыпку і гатовыя ваяваць у тым выпадку, калі на іх напалі», – прагназуе італьянскае выданне.

Эрдаган назваў радыкальную ісламісцкую тэрарыстычную групоўку ХАМАС «вызваленчым рухам», а ў гэтыя выходныя і зусім дадаў, што, маўляў, Ізраіль здзяйсняе ў Газе ваенныя злачынствы, а Захад заплюшчвае на гэта вочы. Ізраіль аспрэчыў абвінавачанні Эрдагана, і адклікаў з Турцыі сваіх дыпламатычных прадстаўнікоў. «Нямеччына павінна перагледзець свае адносіны з Турцыяй», – піша берлінская газета Die Welt.

«Першым адэкватным адказам было б спыненне распачатага ў 80-я гады супрацоўніцтва з турэцкім Упраўленнем па справах рэлігіі (Дыянет) і высылка з краіны той тысячы імамаў, якія, знаходзячыся ў статусе дзяржаўных чыноўнікаў турэцкай дзяржавы, чытаюць пропаведзі ў мячэцях у Германіі, якія належаць Турэцку -ісламскаму саюзу па справах рэлігіі DİTİB. Заснавальнік турэцкай дзяржавы Мустафа Кемаль Атацюрк хацеў, каб Турэцкая Рэспубліка дасягнула «узроўню сучаснай цывілізацыі», і нават перасягнула яго. Праз сто гадоў Эрдаган сілком выштурхвае Турцыю не толькі з супольнасці заходніх краін, але і за межы цывілізаванага свету», – адзначае нямецкае выданне.

Гішпанскі амбудсмэн Анхель Габіланда прадставіў вынікі расследавання выпадкаў сэксуальнага гвалту ў Іспанскай каталіцкай царкве. Згодна са звесткамі справаздачы, з пачатку 1960-х гадоў ахвярамі гвалту маглі стаць сотні тысяч непаўналетніх. З амаль 8000 рэспандэнтаў 0,6 працэнта заявілі аб тым, што перажылі такое ў сценах царкоўных устаноў. Такая статыстыка азначае, што колькасць ахвяр магла складаць каля 440 000 чалавек. Як адзначае варшаўская газета Gazeta Wyborcza, справа тут нават не ў дакладнай колькасці ахвяр.

«Што б ні паведамлялі задакументаваная статыстыка і паказанні сведак, ці складала колькасць ахвяр 300 000 або 400 000 чалавек, зразумела адно: педафілія была шырока распаўсюджаная ў іспанскай каталіцкай царкве, дзесяцігоддзямі гэты факт замоўчвалі і хавалі; царква спрабуе працягваць такую палітыку і сёння. Гішпанская каталіцкая царква куды неахвотней выкрывала педафілію ў сваіх шэрагах, чым гэта мела месца ў іншых еўрапейскіх краінах – Нямеччыне, Францыі ці Партугаліі, дзе падобныя выпадкі расследаваліся незалежнымі грамадскімі камісіямі, з якімі каталіцкія інстытуты рэальна супрацоўнічалі», – канстатуе польскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя