Месца для выбарчай агітацыі – занядбаны парк у Віцебску
У Віцебску вызначаны ўсяго тры месцы, дзе дазволена праводзіць вулічную выбарчую агітацыю.
Гэта Парк Мазурына, які месціцца за горадам, і дзе людзі бываюць толькі па выходных, калі працуюць дзіцячыя атракцыёны і пракат спартовага інвентара. І практычна бязлюдны ў любую пару года Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў – у ім няма абсалютна ніякай інфраструктуры, каб прывабіць наведнікаў. Трэцяе месца для агітацыі – таксама парк, Парк імя 30-годдзя ВЛКСМ, але пра яго існаванне ведаюць далёка не ўсе жыхары абласнога цэнтра.
У тым ліку і чальцы выбарчай камісіі, кажа праваабаронца, доўгатэрміновая назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Ірына Траццякова:
– Гарвыканкам прапануе нейкія месцы, а ўжо тэрытарыяльная камісія мае права гэта ці зацвердзіць, ці змяніць. Я спытала ў камісіі, ці ведаюць яны, дзе той парк. Там нават пад’езду для транспарта няма, і не зразумела, з якога боку там уваход. І чальцы камісіі не ведаюць, дзе гэтае месца шукаць.
Парк імя 30-годдзя ВЛКСМ быў закладзены ў 1940-я гады у вельмі маляўнічым месцы – на беразе Дзвіны. Ён мог бы быць выдатным месцам адпачынку віцяблян, але стаіць занядбаным. Мясцовыя жыхары лічаць яго нават небяспечным, бо зацішныя куткі часта становяцца прытулкам для нецвярозых кампаній. Мінакі тут не ходзяць, наведнікаў не вабяць недагледжаныя алеі і спартовыя прыстасаванні – равеснікі апошняй рэканструкцыі парка ў 1950-я гады. Месца для агітацыі ў парку вызначана канкрэтна – “на скрыжаванні алей”. Напэўна, гэта там, дзе стаяць тры лаўкі – адзіная аздоба гэтага парка.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя