Мэта ўладаў – запалохаць і здушыць



Спіс крымінальных спраў і палітычных вязняў увесь час папаўняецца. Папярэдні тыдзень ня стаў выключэннем. Сярод чарговых прысудаў звярну ўвагу на два, якія асабліва дэманструюць бяскарнасць і бесчалавечнасць суддзяў, а таксама сістэму бяспраўя, якая пануе ў краіне. Першы тычыцца актывіста з Лідчыны Вітольда Ашурка.

18 студзеня яго прысудзілі да пяці гадоў калоніі, абвінаваціўшы па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса – нібыта ён удзельнічаў у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, да таго ж нібыта ўчыніў гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі — гэта адзін з самых строгіх прысудаў для ўдзельнікаў паслявыбарчых акцый пратэсту. Суд над актывістам з Бярозаўкі пачаўся 28 снежня ў Лідзе і праходзіў у закрытым рэжыме. Суддзя Максім Філатаў таксама пастанавіў, што пасведчанне Партыі БНФ — гэта доказ злачынства, які неабходна знішчыць. Людзі пачалі крычаць суддзі “Ганьба!” і падтрымліваць асуджанага. У выніку справа атрымала далейшы працяг. На наступны дзень восем чалавек у лідскім судзе былі затрыманыя ў межах крымінальнай справы аб хуліганстве, якое яны мелі ўчыніць падчас абвяшчэння прысуду Вітольду Ашурку. То бок суддзя пакрыўдзіўся і вырашыў адпомсціць.

Другі крымінальны прысуд тычыцца 18-цігадовых Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача. 22 студзеня суд Кастрычніцкага раёна Менска прыгаварыў іх да двух гадоў і 1 году 6 месяцаў пазбаўлення волі адпаведна ў калоніі агульнага рэжыму. А нагодай стала тое, што маладыя людзі 6 верасня мінулага года падчас акцыі пратэсту распісалі з дапамогай аэразольных балончыкаў шчыты сілавікоў. Іх абвінавацілі ў парушэнні грамадскага парадку, у непадпарадкаванні міліцыянтам, а дзяўчыну ў публічнай абразе прэзідэнта. Для суддзі Вольгі Няборскай брудныя шчыты амапаўцаў, якія пэўна ў той жа дзень адмылі, аказаліся больш важныя, чым жыцці і лёсы маладых людзей. Сказаць, што пакаранне зусім не адпавядае ўчынку – гэта не сказаць нічога. Але што здзіўляцца, калі людзей ужо судзяць нават не за агучаныя меркаванні або здзейсненыя ўчынкі, а нават не за той колер нагавіцаў, як гэта здарылася ў Гародні. І на жаль, можна канстатаваць сумную тэндэнцыю – адміністрацыйны пераслед усё часцей саступае месца крымінальнаму пераследу. Ні крыкі “ганьба” у судзе, ні малюнкі балончыкамі, ніяк ня цягнуць на страшныя крымінальныя злачынствы, але мэта ўладаў – запалохаць і здушыць. Таму і метады адпаведныя.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя