«Метадычна і планамерна, пляцоўка за пляцоўкай»
Палітолаг вызначыў крытэрыі, якімі кіруюцца пры рэпрэсіях.
— Працягваецца зачыстка ўсіх структур грамадзянскай супольнасці, усіх інфраструктур, хоць неяк звязаных з леташнім пратэстам. Проста адразу да ўсіх рукі не даходзяць, таму зачыстка ідзе метадычна і планамерна, пляцоўка за пляцоўкай, — адзначыў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітолаг Валерый Карбалевіч, каментуючы хвалю ператрусаў і затрыманняў чальцоў платформы «Сход».
Палітолаг дапоўніў, што крытэрыі зачысткі пазначыў сам Лукашэнка.
— Ці будуць пасля ўсе ціхенька сядзець пад плінтусам, цяжка сказаць. Але, ва ўсякім выпадку, спроба ліквідаваць усе структуры, якія раней удзельнічалі ці маглі б у будучыні ўдзельнічаць, або ў прадстаўленні ўладаў нейкім чынам датычныя да пратэстаў, да грамадзянскай супольнасці, да ліку праціўнікаў Лукашэнкі, будзе ажыццёўлена.
Крытэрыі зразумелыя. Лукашэнка назваў 85 арганізацый. Усяго лічыцца каля 3 тысяч структур НДА. Сярод іх вялікая колькасць тых, якія ніяк не звязаныя з палітыкай, там Саюз філатэлістаў або Саюз пчаляроў. Гэтых не чапаюць. А вось 85, пра якіх Лукашэнка казаў, яны альбо неяк звязаныя з грамадскай тэматыкай, альбо засвяціліся ў грамадска-палітычным прасторы, можа, неяк падпісвалі петыцыі, альбо атрымлівалі гранты з-за мяжы.
Вось гэтыя крытэры і бяруць за аснову для іх нейтралізацыі.
А «Сход» — гэта наогул палітычная пляцоўка. Гэта як бы альтэрнатыва ВНС. Гэтую платформу наогул могуць трактаваць як замах на нейкія асновы, — мяркуе Валерый Карбалевіч.