Мезенцаў: Пашыраецца сістэма кантактаў паміж Расеяй і Беларуссю
Больш за 60 бізнесменаў з Удмуртыі ўдзельнічаюць у дзелавым форуме «Дні Удмуртыі ў Рэспубліцы Беларусь», паведаміў пасол Расеі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў на цырымоніі адкрыцця форуму 25 лютага ў сталічным «Прэзідэнт-гатэлі».
Паводле яго слоў, «пашыраецца сістэма кантактаў паміж суб’ектамі Расейскай Федэрацыі і Рэспублікай Беларусь». «Пацвярджаецца добрая практыка адносін рэгіёнаў дзвюх краін на карысць людзей», – лічыць дыпламат.
Ён адзначыў, што ў межах форуму адбудуцца пасяджэнні круглых сталоў, падчас якіх будзе прэзентаваны прамысловы патэнцыял Удмуртыі, магчымасці кааперацыі ў галіне лясной гаспадаркі, вытворчасці медыцынскіх прэпаратаў, сельскай гаспадаркі, металургіі, маштабная біржа кантактаў. «Будзе гутарка, прысвечаная новым межам, якіх дасягнуць удмурцкі і беларускі бізнес», – падкрэсліў Мезенцаў.
Паводле слоў першага намесніка кіраўніка Удмуртыі Аляксандра Свініна, гэта пяты за апошнія тры гады візіт удмурцкай дэлегацыі ў Беларусь. Гэтым разам, адзначыў ён, у Менск прыехала самая прадстаўнічая дэлегацыя прадпрымальнікаў рэспублікі. «Мы адкрываем для вас нашу рэспубліку, яе патэнцыял і чакаем вас у нас у гасцях. Спадзяемся, што дзелавы форум будзе садзейнічаць пашырэнню супрацоўніцтва», – сказаў Свінін.
Як адзначыў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Андрэй Гаеў, на дзелавым форуме ў кожнага ёсць магчымасць пераканаецца ў высокім развіцці прамысловасці Удмуртыі, у высокай эфектыўнасці сельскай гаспадаркі, адукацыйнай сферы. «Удмуртыя для Беларусі заўсёды была, ёсць, я ўпэўнены, што і будзе надзейным партнёрам. Шмат зроблена, але, перакананы, што большая частка шляху ў нас наперадзе. Для гэтага ёсць не раскрыты да канца неабходны патэнцыял. Перакананы, што ў прамысловай сферы, у сферы сацыяльна-культурнай у нас ёсць магчымасць для ўзаемадзеяння», – сказаў Гаеў.
Падчас форуму плануецца падпісаць два пагадненні: паміж Гарадзенскім аблвыканкамам і Удмурцкай Рэспублікай аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, экалагічным, сацыяльна-гуманітарным і культурным супрацоўніцтве; паміж Менгарвыканкамам і Адміністрацыяй Іжэўска аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве.