Міграцыйны крызыс: аўтаматныя стрэлы на беларуска-летувіскай мяжы



Міграцыйны крызыс: больш за 110 нелегальных мігрантаў вярнулі ў Беларусь за мінулыя суткі памежнікі Латвіі і Летувы. Летувіская Служба аховы дзяржаўнай мяжы паведаміла пра паўсотні беспаспяховых спробаў перасекчы граніцу. Латвійскія памежнікі кажуць пра 62 такія спробы. Прычым у Летуве зафіксаваныя выпадкі, калі памежнікі на розных участках мяжы затрымліваюць адных і тых жа асоб. Гэта значыць, што пасля няўдалай спробы трапіць на тэрыторыю ЕС людзі спрабуюць перайсці мяжу зноў, але ўжо ў іншым месцы.

Таксама летувіскія памежнікі паведамілі, што пад Салечнікамі адзначана ўзмацненне сіл беларускіх памежнікаў ля мяжы, у раёне Друскенікаў чулі некалькі дзясяткаў стрэлаў з аўтаматаў на тэрыторыі Беларусі. Як і кіраўніцтва Летувы, прэм’ер-міністар Латвіі Крыш’яніс Карыньш заклікаў разглядаць сытуацыю на мяжы з Беларуссю ў кантэксце «гібрыднай вайны, арганізаванай афіцыйным Менскам».

Беларускае Радыё Рацыя