Мікалай Аўтуховіч узначаліць штаб у падтрымку Мікалая Статкевіча



Былы палітычны вязень Мікалай Аўтуховіч узначаліць штаб у падтрымку цяперашняга палітвязьня Мікалая Статкевіча.

«Такі штаб неабходны, каб ў Беларусі не забылі пра тое, што ў турмах далей знаходзяцца вязьні сумлення. Сярод іх кандыдат на пасаду прэзідэнта на прэзідэнцкіх выбарах 2010 году», – кажа Мікалай Аўтуховіч.

– Ініцыятыва ўзнікла таму, што апошнім часам пачалі замоўчваць тэму палітвязняў. Мікола Статкевіч быў кандыдатам у прэзідэнты, а да наступных выбараў – ён усё яшчэ ў турме. Тэму палітвязняў пачалі ціха “на тармазах” спускаць, таму такая інцыятыва і ўзнікла. Пытанне тычыцца не толькі Мікалая Статкевіча, але і іншых палітзняволеных, каб узняць гэтую хвалю.

Стваральнікі штабу плануюць, што ўжо ў кароткатэрміновай перспектыве да гэтай працы мае далучыцца не менш за 200 сяброў і прыхільнікаў руху Салідарнасці «Разам».

Супольную ініцыятыўную групу, якая будзе збіраць подпісы грамадзянаў Беларусі за вылучэнне Мікаолы Статкевіча кандыдатам у  прэзідэнты на выбарах 2015 году, ачоліць Сяргей Скрабец, паплечнік палітвязьня па Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Народная Грамада»).

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя