Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі ў СІЗА КДБ
У поўнай ізаляцыі ў следчым ізалятары КДБ знаходзіццца грамадскі актывіст Мікола Аўтуховіч. Улады спрабуюць зрабіць з яго ледзь не тэрарыста, вымушаючы, магчыма праз катаванні, рабіць заявы з адпаведнымі прызнаннямі на відэакамеру. Быццам не існуе прэзумпцыі невінаватасці і таямніцы следства. Таму ўсё гэта выклікае недавер і абурэнне, – кажа ў размове з Радыё Рацыя кіраўнік праваабарончай арганізацыі „Тайм Акт” Васіль Завадскі:
– Ведаючы Міколу, канешне, яны яго не зламаюць. З іншага боку, у інтэрнэце я бачыў, што разам з ім затрымалі і іншых людзей, сям’ю святара. Гэта свайго роду закладнікі. І ведаючы Міколу, яго пачуццё адказнасці, калі ён ведае, што з-за яго церпяць іншыя людзі, хоць ён і не вінаваты, ён можа нейкую віну ўзяць на сябе. І яны могуць гэта выкарыстоўваць. З майго пункту гледжання, рэжым проста шукае людзей, якія патэнцыйна могуць рабіць нешта, каб быў закон у нашай краіне, была справядлівасць і была праўда. За што заўсёды і змагаўся Мікола.
А праўда на ягоным баку, – адзначыў Васіль Завадскі.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя