Палітзняволены Мікалай Дзядок этапаваны ў калонію №9 у Горках (абноўлена)



Палітзняволены Мікалай Дзядок пераведзены з магілёўскай турмы ў калонію №9 у Горках.

Па словах жонкі палітвязня Валерыі Хоцінай, пра гэта яго сваякі даведаліся пасля некалькіх тэлефанаванняў у турму.

Мікалай Дзядок быў асуджаны на 1 год і 3 дні зняволення нібыта за непадпарадкаванне адміністрацыі турмы

– Мы тэлефанавалі тыдня. Яго зранку вывезлі, а ў Горках пацвердзілі, што ён ужо на месцы, то бок за пару гадзінаў яго правезлі. Яму можна пісаць на новы адрас. Але я чытала, што ў гэтую калонію і з яе не менш за два тыдні будуць ісці лісты. З поштай нейкія накладкі, ды і яны самі нешта доўга ўсё правяраюць.

Раней у калоніі №9 ў Горках адбывалі пакаранне лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч і грамадскі актывіст Васіль Парфянкоў.

Па іх сведчаннях, у калоніі да іх было вельмі жорсткае стаўленне з боку кіраўніцтва гэтай установы. Ціск ажыццяўся праз іншых асуджаных, якія супрацоўнічалі з адміністрацыяй.

* * *

Судовая калегія магілёўскага абласнога суду не адмяніла прысуд палітзняволенаму Мікалаю Дзядку.

Мікалай Дзядок, які фактычна цалкам адбыў свой папярэдні тэрмін пакарання, напярэдадні вызвалення зноў быў асуджаны на 1 год і 3 дні зняволення быццам за непадпарадкаванне адміністрацыі магілёўскай турмы.

Па меркаванню супрацоўніка праваабарончага цэнтра „Вясна” Уладзіміра Лабковіча, абвінавачанне Мікалая Дзядка надуманае і беспадстаўнае. Суд адмовіў у тым, каб сам Дзядок прысутнічаў на разглядзе скаргі, што з’яўляецца таксама парушэннем права на абарону, — лічыць праваабаронца

– Касацыйная скарга Мікалая Дзядка і яго адваката не была задаволеная, была адхіленая. Зыходзячы з заканадаўства, з сённяшняга дня прысуд уступіў ў сілу. Мы разглядаем гэта, як палітычна матываваны прысуд. Сама наяўнасць гэтаа артыкулу 411 ў беларускім заканадаўстве – гэта рудымент савецкага крымінальнага права. 

411 артыкул выкарыстоўваецца дзеля падаўлення тых асобаў, якія знаходзяцца ў турме,  і дае магчымасць утрымліваць іх бясконца доўга ў няволі.

Беларускія ўлады пачалі выкарыстоўваць гэты артыкул супраць палітычнай апазіцыі.

Першым асуджаным па ім стаў лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч. Зараз практыка працягнута.

* * *

Палітзняволены Мікалай Дзядок асуджаны яшчэ на 1 год і 3 дні зняволення па артыкуле аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі. Пракурор патрабаваў 1 год і 4 дні. Працэс праходзіў у Магілёўскай турме №4, дзе адбывае пакаранне Мікалай Дзядок. Папярэдні тэрмін, 4 з паловай гады, сканчаецца ў пачатку сакавіка.

Па словах жонкі палітвязня Валерыі Хоцінай, у сваім апошнім слове Мікалай віны не прызнаў і назваў сваё пераследаванне абсурдным і палітычна матываваным:

– Сам артыкул 411-ы мае абсурдную фармулёўку, таму што ён за свае парушэнні ўжо панёс пакаранні, яму была абвешчана вымова, альбо ён адбыў нейкі тэрмін у ШЫЗА. То бок, ён ужо быў пакараны, цяпер яго караюць яшчэ раз. І ён лічыць, што гэты 411-ы артыкул існуе толькі для таго, каб псіхалагічна і маральна аказваць ціск на „нязручных” вязняў.

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок быў асуджаны ў  траўні 2011 году судом Заводскага раёна Менску (злоснае хуліганства) на 4,5 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сваёй віны актывіст на судзе не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя