Мікалай Дзядок: Еўразвяз не выяўляе прынцыповасці
Былы палітвязень Мікалай Дзядок пракаментаваў прыпыненне санкцый Еўразвязам у дачыненні да рэжыму Беларусі.
РР: Як вы ставіцеся да прыпынення санкцый?
Мікалай Дзядок: Стаўлюся негатыўна, бо сённяшні рэжым Лукашэнкі разумее толькі мову ціску. Падатлівых і талерантных палітыкаў ён не паважае, бо лічыць іх слабымі. Спробы пацыфікацыі і дэмакратызацыі з дапамогай саступак і паслабленняў, на мой погляд, могуць прывесці да прама супрацьлеглага выніку – узмацнення рэпрэсій і паліцэйшчыны. Вельмі прыкра, што Еўразвяз не праяўляе дастатковай прынцыповасці ў гэтым моманце. Да таго ж у Беларусі яшчэ застаюцца палітвязні – тыя ж Бандарэнка, Жамчужны. Людзей працягваюць штрафаваць за грамадзянскую актыўнасць. Як можна ў такіх умовах адмяняць санкцыі?
РР: Але ж сёння ў турмы пакуль нікога не кідаюць і нават на суткі за акцыі не бяруць. Можа гэта і ёсць так званая лібералізацыя?
Мікалай Дзядок: Па-першае, трэба памятаць, што далёка не ўсе выпадкі саджання людзей на суткі трапляюць у СМІ. Па-другое, я не бачу вялікай розніцы паміж штрафаваннем і суткамі. Гэта розныя формы адной і той жа з’явы – рэпрэсій. Па-трэцяе, беларуская ўлада за часы свайго існавання павінна была навучыць нас, што любая лібералізацыя ў яе працягваецца роўна да таго моманту, пакуль Захад не дасць грошы. А потым усё вяртаецца „на свае кругі”.
На мой погляд, гэты рэжым у рэальнасці не можа лібералізавацца. Бо лібералізацыя для яго будзе азначаць зняцце з пасад, судовы пераслед і прысуд. Таму высокія чыноўнікі будуць трымацца за ўладу да апошняга і ніколі па сваей волі не дадуць выйсці апазіцыйным сілам з-пад кантролю. Гэта можа зрабіць толькі сам народ, зрабіўшыся суб’ектам палітыкі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя